Политика

Былы дыплямат: «Лукашэнка перахоплівае ініцыятыву, у КДБ ён паехаў з плянам нападу»

Былы часовы павераны ў справах Беларусі ў Швайцарыі Павал Мацукевіч расказвае ў інтэрвію Свабодзе пра галоўную мэту паездкі Лукашэнкі да палітвязьняў, тлумачыць, чаму «канстытуцыйная рэформа» нявыгадная Лукашэнку, і адказвае на пытаньне пра козыр ягоных апанэнтаў.​

Пра мэту паездкі Лукашэнкі ў СІЗА

У КДБ Лукашэнка езьдзіў ня з плянам здачы чагосьці, а з плянам нападу. І ўсе падзеі, якія адбываліся ўчора, пра гэта акурат сьведчаць. Думаю, што сваіх мэтаў ён шмат у чым дамогся.

Галоўная задача, якую вырашае цяпер Лукашэнка, — гэта зьбіць пратэставы рух і дыскрэдытаваць яго, унесьці раскол сярод лідэраў руху.

У «вайне» Лукашэнка не перамог, але ў бітве — так. Ён перахоплівае ініцыятыву.

Пра Крэмль

Падтрымаўшы Лукашэнку, Масква атрымала ўсе вагары ўплыву на яго. Гэта было відаць па той позе, у якой Лукашэнка быў на перамовах у Сочы.

Пра новую Канстытуцыю

Канстытуцыйная рэформа не задавальняе і самога Лукашэнку. Шанцы перамагчы на выбарах пасьля прыняцьця новай Канстытуцыі, з новым складам ЦВК, у яго невялікія.

Аб прапанове лідэрам пратэсту далучацца да працы над Канстытуцыяй

Вельмі зваблівая прапанова. Але ўлада не вырашае праз гэты ход пытаньня нацыянальных інтарэсаў. Яна вырашае пытаньне захаваньня ўлады. Сядаць пры такіх умовах за стол перамоваў... Трэба вяртацца ў праўнае поле, выпраўляць Лукашэнкі ў адстаўку, перадаць уладу прэм’еру, правесьці выбары і потым заняцца Канстытуцыяй.

Пра тэорыю сустрэчы ў СІЗА «са стаўленікам Масквы Бабарыкам»

Ня вельмі ў гэта веру, хаця ўсё магчыма. Лукашэнка ўвесь час спрабуе знайсьці выхад, шукае найлепшы варыянт. Ён не гаворыць, а дзейнічае, робіць усё, што дапамагае яму захаваць уладу. А ягоныя апанэнты... на жаль...

Пра козыр апанэнтаў Лукашэнкі

Ключавым цяпер ёсьць захаваньне пратэставага руху — каб людзі надалей дэманстравали сваю нязгоду, нягледзячы нават на гвалт. Менавіта таму зь лідэрамі і сустракаюцца на Захадзе, бо ў Беларусі 60 дзён не сьціхаюць мірныя пратэсты.

Пра лідэраў

Лідэрам нельга абмяжоўвацца толькі заявамі. Ім супрацьстаіць рэальны лідэр, чалавек, які нічога не баіцца і гатовы за ўладу змагацца ўсімі сродкамі. Людзі выходзяць на вуліцы і шмат чым рызыкуюць. Лідэры павінны быць сьпераду, а не за імі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.8(43)