«Былі ўсе падставы уключыць у сьпіс прапановы Крамлю Ігара Лосіка і Андрэя Кузьнечыка»
Публіцыст і прадстаўнік Рады БНР Сяргей Навумчык – пра страчаную магчымасць па вызваленні некаторых беларускіх палітвязняў.
– Думаю, мае рацыю Павал Латушка, кажучы, што нядаўні абмен быў вынікам супрацоўніцтва ЦРУ, СЗВ (Службы зьнешней выведкі РФ) і ФСБ РФ, – піша Навумчык. – Але гэта толькі адзін, тэхнічны ўзровень.
Спэцслужбы (і ЗША, і РФ) выконвалі палітычную замову вышэйшага кіраўніцтва. За выключэньнем двух-трох чалавек з абодвух бакоў, пра якіх спецслужбам маглі быць дадзеныя пэрсаніфікаваныя ўказаньні (скажам, Пуцін быў зацікаўлены ў вызваленьні Красікава, Байдэн – Гершковіча, Курмашавай і, да яго забойства, Навальнага), наколькі я магу ўявіць, па астатніх даваліся агульныя, не пэрсаніфікаваныя ўказаньні, і не на ўзроўні Байдэна – найхутчэй, на ўзроўні Салівана, дарадцы ў справах нацбясьпекі.
І ўказаньні былі такога кшталту: плюс – пяць-шэсьць расейскіх палітычных фігураў, якія ў турмах, якіх канкрэтна – вырашайце па сытуацыі. І калі б было вымаўлена слова «і беларускіх» – перамоўшчыкі са спэцслужбаў гэта мелі б на ўвазе. І прапанавалі б далучыць да расейскіх палітвязьняў некалькіх беларускіх.
Ва ўсякім разе, журналістаў амэрыканскай карпарацыі «Радыё Свабодная Эўропа-Радыё Свабода» якая фінансуецца Кангрэсам ЗША, Ігара Лосіка (15 гадоў узмоцненага рэжыму) і Андрэя Кузьнечыка (6 гадоў узмоцненага рэжыму), а таксама грамадзяніна ЗША Юрыя Зяньковіча, – уключыць у сьпіс прапановы Крамлю былі ўсе падставы.
І я перакананы, што Лукашэнку давялося б іх (альбо некага зь іх) вызваляць – як давялося яму адрапартаваць Пуціну «Будет исполнено, товарищ начальник!» і вызваляць нямецкага грамадзяніна.
Ня ведаю нічога пра Зяньковіча, але што датычыць Лосіка і Кузьнечыка, нават з адкрытых крыніцаў вядома, што і кіраўніцтва карпарацыі «Радыё Свабодная Эўропа-Радыё Свабода» рэгулярна нагадвае пра іх лёс, і дзяржсакратар Блінкен пра іх казаў, і Сьвятлана Ціханоўская зьвяртала ўвагу Рады бясьпекі ААН.
Але, нягледзячы на гэта, у высокага чыноўніка (ці чыноўнікаў) Белага дому ў момант, калі аддавалася распараджэньне, слова «Беларусь» у мазгах ня ўзьнікла. Як ня ўзьнікла ў Шольца думка пра Калесьнікаву (хай і не грамадзянку ФРГ, але, як я разумею, сталую жыхарку Нямеччыны, якая там плаціла падаткі – пры тым што яе вызваленьне Шольцу было выгодна для апраўданьня нямецкаму грамадзтву выдачы ФСБшнага забойцы).
І гэта сьведчыць пра тое, што Беларусь ня тое што не знаходзіцца ў прыярытэце рэальнай міжнароднай палітыкі, але і на першай пэрыфэрыйнай лініі ўвагі. Ва ўсякім разе, пакуль што.
Без асэнсаваньня гэтай ісьціны, паўтараю, рухацца далей немагчыма.
Читайте еще
Избранное