Общество
Алег Грузьдзіловіч, «Радыё Свабода»

«Былі б рэальныя шпіёны — быў бы паказальны працэс»

Паводле Цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Беларусі, у 2011 годзе была спынена дзейнасьць 23 агентаў і супрацоўнікаў замежных спэцслужбаў. Таксама КДБ перашкодзіў вярбоўцы 33 грамадзянаў краіны замежнымі шпіёнамі. Ці вядома прозьвішча хоць аднаго шпіёна і чаму пра наяўнасьць шпіёнаў у Беларусі робіцца вядома толькі пасьля сустрэч кіраўніка дзяржавы з кіраўнікамі КДБ?

У КДБ паведамілі больш падрабязна толькі пра адзін з выпадкаў шпіянажу. Паводле Цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ, грамадзянін Беларусі за здраду дзяржаве і перадачу сакрэтных зьвестак пра абаронны патэнцыял быў асуджаны на 7 гадоў пазбаўленьня волі.

Кіраўнік Цэнтру Аляксандар Антановіч адмовіўся назваць прозьвішча гэтага здрадніка ці прозьвішчы замежных шпіёнаў:

«Прыйдзе час, пакажам і прозьвішчы назавем. Яшчэ час не прыйшоў».

У канцы 2001 году ў Беларусі быў асуджаны на 4,5 года за спробу шпіянажу італьянскі грамадзянін Анжэла Піў, якога неўзабаве памілавалі. З тых часоў прозьвішчы замежных шпіёнаў, выкрытых у Беларусі, застаюцца засакрэчанымі, як і прозьвішчы беларусаў, якія пайшлі на супрацоўніцтва з замежнікамі. Праўда, у некаторых выпадках робяцца вядомымі імёны тых, хто нейкім чынам аказаўся датычны да шпіёнскіх скандалаў. У 2004 годзе КДБ паведаміў пра выкрыцьцё і высылку польскага шпіёна, які працаваў у якасьці вайсковага аташэ амбасады Польшчы. Паводле КДБ, была задакумэнтаваная перадача гэтаму шпіёну дакумэнтаў афіцэрам Міністэрства абароны Беларусі. У мэдыі трапіла імя гэтага афіцэра — ім быў вайсковы журналіст Аляксей Безьвясельны. Недзяржаўныя мэдыі пісалі пра тое, што ён спэцыялізуецца на міжнародных тэмах і часта сустракаўся з замежнымі дыпляматамі. Як склаўся лёс журналіста?

Я дазваніўся да Аляксея Безьвясельнага, які цяпер рэдагуе часопіс, далёкі ад вайсковай тэматыкі. Шпіёнскую гісторыю, у якой яму давялося фігураваць, Безьвясельны ніяк не камэнтуе, хоць і прызнае, што яна адбілася на ягоным лёсе:

Карэспандэнт: «Суду ж над вамі не было?»

Безьвясельны: «Не, канечне. Нічога не было. Усё нармальна. Усё добра. І ўвогуле ў нас усё добра, ідзем патрэбным шляхам».

Напрыканцы размовы Аляксей Безьвясельны адказаў «ня ведаю», калі ў яго запыталіся, ці верыць ён, што ў Беларусі толькі летась было выкрыта 23 шпіёны.

Былы контравыведнік Сяргей Аніська мяркуе, што рэальна выкрытых шпіёнаў у актыве КДБ значна менш, чым заяўлена:

«Што значыць спыніць дзейнасьць, як яны рапартуюць? Спынілі на вуліцы замежных турыстаў, якія фатаграфавалі будынак КДБ, вось табе і „спынілі дзейнасьць“.

Паверце мне, калі б былі рэальныя здраднікі Радзімы, замежныя шпіёны, мяркую, у той цяжкі 2011 год яны б абавязкова арганізавалі паказальны працэс. Гэта ім вельмі тады было трэба, але не было такіх, мяркую».

Сяргей Аніська не выключае, што такі працэс можа здарыцца сёлета адносна прадстаўнікоў адной з суседніх краін, якую ўлады Беларусі рэгулярна абвінавачваюць ва ўмяшаньні ва ўнутраныя справы.

«Усе паціху шпіёняць, але шпіёнскія скандалы ўзьнікаюць толькі тады, калі трэба прадэманстраваць палітычныя мэты», — кажа незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін. Што можа цікавіць замежныя спэцслужбы ў Беларусі? Паводле Аляксандра Алесіна, гэта найперш сыстэма супрацьпаветранай абароны Беларусі, якая завязаная і на расейскую супрацьпаветраную абарону. Увогуле, лічыць Алесін, Беларусь больш цікавіць замежныя спэцслужбы як крыніца інфармацыі пра расейскае войска і расейскія ўзбраеньні. Але нешта можа зацікавіць і арыгінальнае, беларускае. Асабліва тое, што можа потым апынуцца ў патэнцыйна небясьпечных краінах:

«Зразумела, што заходнія краіны хочуць адсачыць, якія нашы тэхналёгіі ідуць у небясьпечныя рэжымы, у той жа Іран ці ў Кітай. Каб ведаць, чаго ім чакаць. Бо, прыкладам, пайшла тэхналёгія ў Кітай, а яе могуць выкарыстаць супраць Тайваня. У нас ёсьць шмат цікавых тэхналёгій, якія ўжываюцца ў вайсковым космасе, альбо аўтаматызаваныя сыстэмы кіраваньня зброяй, войскамі. Ёсьць чым пацікавіцца».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)