Филин

Ірына Дрозд

Быкоўскі: «Калі сітуацыя накаляецца, то ўсе пачынаюць шукаць праўду ў незалежных СМІ»

Пра адаптацыю ў новых рэалiях.

Сітуацыя з расейскім тэлеканалам «Дождж» прымусіла перагледзець свае арыенціры многiх гледачоў і журналістаў. Тым часам і шмат беларускіх незалежных медыя жывуць у іншых краінах, працуюць у чужых юрысдыкцыях.

Филин пагаварыў з медыяэкспертам Паўлюком Быкоўскім пра тое, з якімі цяжкасцямі ім даводзіцца сутыкацца.

— Кейс «Дажджу» паказвае, на мой погляд, праблему тых медыя, якія былі ўнутры краіны, а потым мусілі працаваць у выгнанні, — разважае суразмоўца. — Яны не заўсёды паспяваюць адаптавацца да таго, як змянілася сутнасць іх працы.

Калі медыя знаходзіцца ўнутры сваёй краіны, яны ведаюць, што хоча аўдыторыя, якія ў яе інтарэсы і якое ёсць заканадаўства. А вось калі яны мусяць працаваць у выгнанні, то атрымліваецца даволі складаная карціна.

Па-першае, яны ўжо не знаходзяцца ў звычайнай мадэлі медыябізнесу, бо ўнутры краіны яны неяк умелі зарабляць грошы. Тут аказваецца, што для гэтага трэба выдумляць нейкія іншыя мадэлi.

Трэба выконваць мясцовыя законы. Напрыклад, адна з прэтэнзій Нацыянальнай рады па электронных медыя Латвіі была ў тым, што «Дождж», нягледзячы на папярэджанне, так і не зрабіў гукавую дарожку на дзяржаўнай мове. Гэта фармальнасць, хутчэй за ўсё аўдыторыі канал і быў цікавы менавіта на рускай мове, але гэта аўдыторыя, якая знаходзіцца ў Расіі.

У Латвіі ж ёсць патрабаванне закону і ёсць аўдыторыя, якая, магчыма, не валодае рускай мовай, а гэта латышскае медыя. То-бок ідэнтычнасць таго, што гэта было расійскае медыя, і ідэнтычнасць таго, што яно стала латвійскім, — гэта розныя рэчы.

Асабліва складана падобныя рэчы ацаніць, калі рэдакцыя размеркавана. Як на прыкладзе «Дажджу»: яе супрацоўнікі знаходзяцца адразу ў чатырох ці пяці краінах. І зразумець, што яны цяпер сталі «голасам Латвіі», вядучаму Карастылёву, які знаходзіцца ў Грузіі, напэўна, было больш складана.

— Беларускія медыя таксама знаходзяцца ў выгнанні ў розных краінах. Ці робім мы такія заўважныя памылкі, на ваш погляд?

— Гэта залежыць ад таго, дзе якая юрысдыкцыя. Толькі адно медыя з’яўляецца часткай грамадскага тэлебачання іншай краіны, больш ніхто не прэтэндуе на падобную ролю, дзе ў выніку неабходна ліцэнзія.

Нашы беларускія праекты, якія робяць прадукты толькі для ютуба, не мусяць атрымліваць нейкія дадатковыя ліцэнзіі. Але так ці інакш ёсць мясцовае заканадаўства тых краін, дзе яны знаходзяцца, і яго трэба ведаць.

Напрыклад, у Польшчы нельга фатаграфаваць дзяцей без дазволу іх бацькоў. Насамрэч гэта нельга рабіць і ў Беларусі, але ў нас на гэта не глядзяць як на нейкае вялікае злачынства. А вось у краінах амаль усёй Еўропы гэта вельмі важная рэч, і такіх рэчаў, якія не ляжаць навідавоку і пры гэтым абсалютна зразумелыя мясцовым журналістам, але незразумелыя беларускім, можа быць даволі шмат.

Не заўсёды зразумела, якім чынам легалізуюцца нашы журналісты. Дзесьці гэта робіць рэдакцыя і потым наймае на працу супрацоўнікаў. Але даволі часта журналісты за мяжой — гэта фрылансеры. Яны легалізуюцца іншымі шляхамі, каб атрымаць палітычны прытулак, напрыклад, як супрацоўнікі розных некамерцыйных арганізацый, нават праваабарончых.

У Беларусі і Расіі адрозніваецца рэжым рэпрэсій. У Расіі ўсё яшчэ прысутнічае магчымасць мясцовых аўтараў і гасцей уключацца ў размову да замежных рэдакцый, якія ў тым ліку з’яўляюцца інаагентамі, знаходзячыся на тэрыторыі Расіі.

У Беларусі гэта немагчыма. Там пераследуюць, нават калі журналіст кажа, што перапыніў сувязь з прафесіяй.

Ёсць праблема з экспертамі, якія знаходзяцца ў краіне, бо, зразумела, што яны пад ударам. Гэта прыводзіць да таго, што журналісты спасылаюцца на ананімныя крыніцы інфармацыі.

І тут ужо ўзнікае сітуацыя, калі толькі аўтарытэт рэдакцыі сцвярджае, што яны ўвогуле з’яўляюцца экспертамі. У выніку ўсё гэта вісіць, што называецца, «на честном слове», і ў любы момант магчыма сітуацыя, калі журналісты дапусцяць памылку і гэта будзе пракол, які падарве рэпутацыю.

— У беларускай грамадска-журналісцкай супольнасці нядаўна быў вельмі непрыемны, калі не сказаць трагічны, кейс з Ч*Б. Што рабіць у такіх выпадках, калі яны ўжо здарыліся?

— Гэта сітуацыя крызісу, і яе трэба разруліваць цвяроза, разумеючы, дзеля якой мэты і што вы робіце. Канструктыўныя мэты ў камунікацыі могуць быць адбудаваныя людзьмі, якія не ўцягнуты ў канфлікт. Гэта цэлы накірунак – крызісны піар, які прадумвае такую камунікацыю і вызначае, якую мэту мы хочам дасягнуць.

Калі браць сітуацыю з Ч*Б, тут ідзе гаворка пра грамадскую ініцыятыву. Калі яны працяглы час хавалі ці зняпраўджвалі інфармацыю пра тое, што людзям у Беларусі, якія даверыліся праекту, ёсць пагроза, то гэта выглядае як нешта абсалютна невытлумачальнае і кепскае.

Калі браць увогуле сітуацыю з беларускімі медыя, то ў нас таксама бываюць крызісныя з’явы, але параўнальнага з тым, што адбылося ў «Дажджу» ці з Ч*Б, усё ж такі я не памятаю. У любым выпадку хаваць праўду не заўсёды, мякка кажучы, магчыма.

— Што тычыцца ўвогуле незалежных СМІ Расіі ці Беларусі, ёсць меркаванне, што яны насамрэч уплываюць толькі на асобную аўдыторыю, якая не змяняецца, і, маўляў, на людзей з супрацьлеглымі поглядамі не распаўсюджваюцца. Іншымі словамі, тыя, хто чытаюць беларускую апазіцыйную ці незалежную прэсу, не стануць чытаць афiцыйную.

— Я не згодны. Бо ёсць высокае перакрыжаванне людзей. Я бачу, што незалежныя СМІ ўплываюць на людзей унутры краіны. Зразумела, што маштаб даволі складана ацэньваць.

Калі ўзнікае нейкая катастрафічная сітуацыя, калі ў людзей мяняецца жыццё, яны пачынаюць шукаць інфармацыю ўсюды. У савецкі час людзі даведаліся пра Чарнобыльскую катастрофу з «Голасу Амерыкі». Пасля гэтага «Голас Амерыкі» пачалі слухаць тыя, хто раней пра яго і не ведаў.

Пакуль няма такіх моцных грамадска-палітычных зрухаў, і людзям не асабліва гэта патрэбна. Акрамя таго, існуе пакаранне за прагляд «экстрэмісцкіх» рэсурсаў.

А вось калі раптам сітуацыя нейкім чынам накаляецца, то ўсе пачынаюць шукаць праўду. Падчас 2020 года вельмі павялічылася аўдыторыя незалежных СМІ, калі пачалася вайна ва Украіне быў чарговы ўсплёск.

Калі здарыцца нешта з таго, што будзе ўплываць на жыццё кожнага, ён будзе разбірацца ў сітуацыі. А калі нічога такога асаблівага не адбываецца, то навошта, прагноз надвор’я лепш.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(13)