Политика
Алесь Дашчынскі, ”Радыё Свабода”

Быць ці ня быць кангрэсу дэмсілаў?

Аргкамітэт другога кангрэсу дэмакратычных сілаў пакуль не атрымаў дазволу ад менскіх уладаў на правядзеньне мерапрыемства. Пошукі памяшканьня ў Менску таксама пакуль беспасьпяховыя. У аргкамітэце не выключаюць, што з-за тэхнічных прычынаў кангрэс можа не адбыцца ў вызначаны тэрмін — 17 — 18 сакавіка.

Месца пакуль не знайшлі

Пакуль у аргкамітэце ёсьць дзьве адмовы на памяшканьне — ад канцэртнай залі “Менск” і ад Палацу культуры аўтазаводу. Ад іншых наагул пакуль адказаў няма.

Сытуацыя з Палацам культуры трактарнага заводу няпэўная. Паводле старшыні аргкамітэту кангрэсу Аляксандра Бухвостава, з адказу яго адміністрацыі вынікае, што гэты палац мае магчымасьць прадаставіць памяшканьне толькі на дзьве гадзіны. Дырэктар палацу Ўладзімер Кірута сказаў, што 17 сакавіка заля ўжо занятая:

Кірута: “Я даваў адказ, але ён жа не канкрэтны гэты адказ. Я ня ведаю, калі ім там патрэбна. На якую дату? Але там тэлефонаў няма, каб зь некім стэлефанавацца. А заяўнікі таксама не тэлефануюць”.

Аляксандар Бухвостаў мяркуе, што, як і ў іншых выпадках, гэтае пытаньне будзе вырашацца ўладамі:

Бухвостаў: “Гэты адказ нічога не азначае, бо не Палац культуры трактарнага заводу будзе вызначаць, праводзіць кангрэс ці не. Гэта будуць вызначаць зусім іншыя інстанцыі. І пакуль мы не атрымаем адказ ад Менскага гарвыканкаму, у нас няма ніякіх падстаў разьлічваць, што будзе прадастаўлена памяшканьне ў Менску”.

“Масавыя фальшаваньні” подпісаў дэлегатамі — хлусьня

Дагэтуль яшчэ не завяршыўся працэс пацьверджаньня паўнамоцтваў дэлегатаў. Паводле старшыні Цэнтральнай наглядальнай камісіі Ўладзімера Лабковіча, пакуль можна казаць толькі пра наяўнасьць каля 530 дэлегатаў. І на праверку подпісаў, сабраных астатнімі дэлегатамі, спатрэбіцца яшчэ каля месяца. Дзяржаўныя мэдыі ўжо на гэта адрэагавалі.

Лабковіч: “Тыя чуткі пра фальшаваньні, якія выказваюцца ў сродках масавай інфармацыі, часьцяком бываюць перабольшаны. Дэлегаты кангрэсу не прызнаюцца збольшага на падставе таго, што яны зрабілі памылкі ці зьбіралі подпісы з парушэньнямі палітычнага пагадненьня і інструкцый, якія зацьвярджаліся аб’яднанымі дэмсіламі. Але казаць пра масавыя фальшаваньні — гэта хлусьня. Няма ніякага масавага фальшаваньня подпісаў”.

Кангрэсу хочуць ня ўсе

Старшыня аргкамітэту кангрэсу Аляксандар Бухвостаў кажа, што параўнальна зь мінулым кангрэсам дэмсілаў цяпер працаваць значна складаней. Ці можна ўкласьціся ў плянаваны тэрмін?

Бухвостаў: “З кожным днём становіцца ўсё складаней. Калі ў Менску, то мы можам укласьціся. Справа ў тым, што не прыняты канчатковыя прынцыповыя рашэньні. Усе быццам бы за кангрэс, але ў той жа час адчуваецца, што ня ўсе хочуць кангрэсу. На гэтым тыдні будзе нарада, на якой мусяць вызначыць канчаткова: быць кангрэсу ці не. Бо вельмі складана рыхтаваць кангрэс, калі ёсьць такая няпэўнасьць. У такіх умовах вельмі складана весьці мэтанакіраваную падрыхтоўку”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)