В мире
Генадзь БУРАЎКIН

Бязглуздзіца ў музычнай абгортцы

Я даўно заўважыў, што і ў машынах, і ў службовых кабінетах маіх маладых прыяцеляў заўсёды прыглушана гучыць нейкая сучасная музыка, гэткая бясконцая аднастайная папулярная песня. Яна стала ўжо для іх своеасаблівым бытавым “аксесуарам” накшталт настольнай лямпы ці насценнага календара, на які не звяртаюць нават увагі, але да якога прывыклі і без якога адчуваюць сябе няўтульна.

Як сказаў адзін даволі паспяховы прадпрымальнік, гэта абавязковы “фон” для кароткага адпачынку ці для нетаропкага дзелавога роздуму. А калі я спытаў, пра што ж спяваюць сентыментальныя юныя “пташкі” і хрыплаватыя мужчынскія гурты, ён разгублена паціснуў плячамі: “А хто іх ведае, я ў словы не ўслухоўваюся”. А вось я аднойчы ўслухаўся — і стала мне зусім нявесела ад таго стракатага набору глупстваў і графаманіі, які на мяне абрынуўся, як цяжкая селявая лавіна падчас веснавога абвалу ў гарах.
Першае, што азадачыла мяне, — немагчымасць вызначыць, пра што хоча расказаць чарговая эстрадная “зорка”. Голасна выплюхваўся нейкі набор слоў, выпадковых і незапамінальных, часта амаль не звязаных адно з адным. І не мелі яны ў сабе ні глыбокага пачуцця, ні хвалявання, ні проста ўцямнай інфармацыі. Уяўная шматзначнасць, падкрэсленая “непрычасанасць”, падробка пад мола-дзевы “сленг” рабілі з так званай песні адначасова і эмацыянальны рэбус, і не надта пісьменнае шкалярскае практыкаванне. Мяркуйце самі — вось “перл” пад назвай “Нявеста” дастаткова “раскручанай” групы “ГлюкOzа”:
Я знаю точно, придет —
ожидаю его.
Конечно, дергаюсь немного,
Может быть, и забыл,
Хотя вчера по телефону
Он секреты открыл.
Все секреты по карманам,
Я гуляю с доберманом. А-а...
Сапраўды, “а-а!..” Як кажуць, каментары не патрэбныя ні па лініі паэзіі, ні па лініі правапісу. Усё настолькі ярка і відавочна, што хочацца толькі развесці рукамі.
А хіба не складаюць “ГлюкOzа” дастойную канкурэнцыю таксама добра вядомыя “Браты Грым”? Яны не збіраюцца ўступаць “лаўраў” і як “аўтары слоў і музыкі” дораць абалдзелым слухачам свой мастацкі “прадукт”:
Полным бредом
мысли-сигареты дымят.
Вместе с ветром
ждут они с приветом
Тебя, да только тебя,
вторая половина,
Тебя, вторая половина.
Здорава, праўда? Адныя “думкі-цыгарэты” чаго вартыя! Гэта вам не Пушкін з Некрасавым ці нават Маякоўскі з Вазнясенскім — ім такое і не снілася. Каб смелыя думкі “задымілі”, патрэбны, відаць, сённяшнія рынкавыя ўмовы і небывалая свабода творчасці...
Што асабліва ўражвае ў многіх “кумірах” сучаснай эстрады, дык гэта самазадаволены росквіт непрыхаванай і прымітыўнай пошласці. Паказчыкам высокай прафесійнасці для іх сталі не проста сальныя жарты і шмат-значныя намёкі, а “вобразны” лексікон салдацкіх прыбіральняў. Небяздарны Андрэй Данілка (надакучлівая, вульгарная Верка Сярдзючка) так, напрыклад, выказваецца на тэму кахання:
Я в любви огонь и ночью, и днем.
Так давай огонь мы этой ночью разведем.
Твои спички, мои дрова — очень хорошо!
Разведем костер любви всем ветрам назло!
Твои спички, мои дрова — очень хорошо!
(аўтар слоў А.Гарцман)
Амаль як у трохі меней папулярнай “Акулы”:
Ты подошла, он попросил,
Только неосторожно.
Ты не ушла — не было сил,
Больше так невозможно…
(словы Аксаны Пачэпы)
Ад такiх прызнанняў, аказваецца, зусім блізка да палымянага патрыятычнага выплеску пачуццяў “Мумій Троля” (аўтар слоў і музыкі Ілля Лагуценка):
Я буду жить тобой,
Я буду спать с тобой,
Ты будешь мне теперь
Такой родной
Страной!
Прыехалі! Далей, здаецца, няма куды. Даспяваліся...
Ну што ж, скажаце вы, бывае — усё гэта маладыя людзі, ім вельмі хочацца славы, а ў школе ці ў інстытуце або кансерваторыі (калі яны там вучыліся) ім не далі ні адчування слова, ні належнага мастацкага густу, ні разумення, “што такое добра, што такое дрэнна”... Бывае — пагаджуся і я. На жаль. Але ж ёсць яшчэ рэдактары радыё і тэлебачання, ёсць кіраўнікі Міністэрства культуры, філармоніі і канцэртных арганізацый, ёсць музычныя крытыкі. Няўжо і ў іх няма ні густу, ні прафесійнай адказнасці, ні проста сораму за халтуру і пошласць?..
Ах, вы кажаце — грошы? На малапісьменных і настырных “зорак” валам валяць падлеткі, бягуць экзальтаваныя дамачкі і адкормленыя дзецюкі — і яны даюць не абы які прыбытак. Дык няхай пакрыўляюцца новаспечаныя “куміры” — усё пройдзе, як дзіцячая хвароба, забудзецца і знікне назаўсёды? Але ж сёння колькі нявопытных душ прымуць іх за сапраўдных артыстаў, будуць старацца гаварыць іхняй мовай, паводзіць сябе так, як яны! Колькі непапраўнай эстэтычнай і маральнай шкоды цэламу пакаленню паспее нанесці гэтая агрэсіўная музычная пошласць.
Я думаю, вы заўважылі, што ўсе так званыя тэксты, якія я цытаваў, “зварганены” па-руску. Сумняваюся, што падобных песень няма на нашай роднай мове. Проста пры бязмежным панаванні ў нас расійскай папсы іх, на шчасце, не чутно. Адно крыўдна, што не чутно і таленавітай песеннай паэзіі Уладзіміра Някляева і Леаніда Дранько-Майсюка, Леаніда Пранчака і Алеся Бадака. А яна б, можа, хоць трохі “вылечыла” нашых маладых землякоў ад ліпкай заразы бескультур’я і бяздарнасці масавай вытворчасці танных маскоўскіх шлягераў.
Сумны я выходзіў з кабінета маладога прыяцеля, наслухаўшыся сучаснай музычнай “прадукцыі”. Услед мне ляцеў яшчэ адзін незнаёмы мне “шэдэўр”:
Ах, Юра, Юра, Юра!
Люблю тебя, как дура...
Добра, што звонкагалосая асоба аб’ектыўна ацэньвала сябе. Але ці задумаецца хто над яе шчырым прызнаннем? І ці скончыцца ўрэшце павальнае “гукавое” абалваньванне даверлівых людзей?..

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)