Бярэзнік за Нацыянальнай бібліятэкай высякуць, каб пабудаваць рэзідэнцыю пасла Азербайджана

Жыхары «Маяка Мінска» — сталічнага раёна, які знаходзіцца за Нацыянальнай бібліятэкай — абураныя тым, што вакол іх жылля імкліва знікае лес.

Забудоўшчыкі высякуць яго з розных прычын, але вынік адзін — дрэваў становіцца менш.

Першым пад удар трапіў гаёк за Домам міласэрнасці. Сербскі забудоўшчык атрымаў дазвол узвесці тут шматузроўневы паркінг на 620 аўтамабіляў.

Фоты Надзеі Бужан, Наша Нiва

Наступным высякуць бярэзнік, які знаходзіцца насупраць, па іншы бок вуліцы Францыска Скарыны. Тут мае з'явіцца рэзідэнцыя пасла Азербайджана. Яшчэ ў 2015 годзе пасольства атрымала ў арэнду гэты ўчастак на 99 гадоў.

«Наша Ніва» даведалася ўмовы гэтай дзіўнай угоды. Азербайджан плаціць за будынак пасольства на Старавіленскім тракце, а таксама за месца для рэзідэнцыі пасла на вуліцы Францыска Скарыны… адзін даляр на год.