Комментарии
Андрэй Дынько, «Наша Ніва»

Бяляцкі ці Алексіевіч?

Раней Нобелеўскія прэміі прысуджаліся выхадцам з Беларусі. Цяпер у спісе рэальных прэтэндэнтаў – два чалавекі, даруйце за штамп, прапісаныя ў Беларусі.

Гэта, як той казаў, дзве вялікія розніцы.

І яны між сабой вельмі розныя, гэтыя людзі.

Бяляцкі – падпольшчык, удзельнік барацьбы за незалежнасць, пасля — за грамадзянскія і нацыянальныя правы.

Ягоная справа жыцця мае ўніверсальную каштоўнасць: трывалы мір магчымы толькі там, дзе няма ўціску. Любы ўціск урэшце выліваецца ў нямір'е. Ягоны «твор, напісаны крывёй з сваіх грудзей», зразумелы без перакладу: каб змагчы крыўду, трэба быць гатовым нават да турмы, і нават там не здацца без бою.

Алексіевіч – літаратарка, якая прапускае праз сябе людскі боль. Думаеце, гэта лёгка? Яна, як ніхто, умее чуць чалавека, некалькімі рысамі апісаць лёс, пабачыць у чалавеку самае галоўнае так, што і ты яго бачыш, уваходзіш у ягоны дом. Вось чаму яе кнігі чытаюць і разумеюць у многіх краінах.

І тут нельга зрабіць выгляд, што не было той каласальнай крытыкі, якую выклікала ў беларускім інтэрнэце ўвага шведаў да Святланы Алексіевіч.

У чым карані такой крытыкі? Многім беларусам крыўдна, што Алексіевіч выпускае свае кнігі спачатку на іншых мовах, а толькі пасля па-беларуску. І людзі баяцца, што прызнанне такога пісьменніка з Беларусі негатыўна адаб’ецца на павазе да нашай мовы — той, якую ніхто апрача нас не захавае.

Выказванні Алексіевіч таксама выклікалі спрэчкі...

Паважаю тых, хто так стараеццца аб мове. Але, сябры, яна пісьменніца!

На Нобелеўскую прэмію вылучаюць не за выказванні, не за паводзіны, а за творы!

І сам я крытыкаваў яе моцна яшчэ пяць гадоў таму (і падпішуся і цяпер пад кожным радком тае крытыкі) і, можа быць, буду крытыкаваць яшчэ. Але крытыкаваў як інтэлектуала, не як літаратара!

Можна спрачацца з яе ідэямі і выказваннямі, але словам яна валодае бліскуча.

Што да мовы, то яна любіць беларускую мову і як можа падтрымлівае беларускую культуру: і радком, і грашыма. Я не сумняюся, што калі яна атрымае прэмію, яна скарыстаецца гэтай магчымасцю, каб зрабіць для мовы ўсё, што можа. Для яе мова – важная частка душы, яна ў гэтым нічым не розніцца ад вас, проста вырасла ў іншы час, у іншых умовах.

Падпішамся за Бяляцкага, парадуемся за Алексіевіч.

І Бяляцкі, і Алексіевіч аказаліся ў нобелеўскіх спісах не таму, што там хтосьці іх штурхае. Не па разнарадцы з вашынгтонскага ці стакгольскага абкама туды людзі трапляюць. Няма такіх разнарадак – якое расчараванне для тых чырванамордых насельнікаў высокіх кабінетаў, што без разнарадак жыцця не ўяўляюць.

І Алесь, і Святлана вызначыліся! Беларусь сфармавала іх такімі якімі.

Так, лёс Бяляцкага ўсё ж не такі драматычны, як доля Малалы Юсуфзай, якую забівалі, не дабілі ісламскія фанатыкі, як доля гінеколага з Конга, на якога палявалі лясныя бандыты. Так, Алексіевіч піша пра савецкага чалавека, бо ведае гэтага савецкага чалавека. Яны такія, бо Беларусь такая...

Для мяне два беларусы, такія розныя, у спісах прэтэндэнтаў на Нобелеўскую прэмію – гэта знак, што жыве Беларусь, такая розная Беларусь. Нобелеўскія лаўрэаты – такія розныя – гэта сусветная эліта, людзі, якія рухаюць гэты свет. Нават кандыдаты — таксама. І цяпер яны не толькі тут, у Беларусі, нараджаюцца, яны тут, між нас, жывуць.

Гэта гонар для нацыі, што маем Бяляцкага і Алексіевіч.

Няхай яны з’явяцца ў нашай краіне, няхай іх будзе многа – у медыцыне, фізіцы, літаратуры, барацьбе з крыўдай. Пажадаем ім удачы – і так, таму, хто ў турме, асабліва.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)