Политика
Юлія Аляксандрава, фота photo.bymedia.net

БХД супраць БТ. Дубль другі

Суд Першамайскага раёна адмовіў сустаршыні Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі (БХД) Георгію Дзмітруку ў задавальненні іска да Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. Паводле судовага рашэння, правяраць звесткі, змешчаныя ў сваім матэрыяле, журналіст не абавязаны, калі гаворка ідзе пра іх наяўнасць, а не пра змест.

Як паведамляе БелаПАН, суд матывіраваў сваё рашэнне тым, што матэрыялы, якія выкарыстаў у сваім сюжэце супрацоўнік БТ Юры Пракопаў, былі неаднаразова размешчаныя ў сеціве. А асабістае меркаванне журналіста Пракопава «не закранае гонар і годнасць Дзмітрука».

На паседжанні суда 12 лютага пазіцыю Георгія Дзмітрука прадстаўляў яго брат Раман. Ён пацвердзіў патрабаванні свайго брата і ўказаў, што не праверыўшы агучаныя ў сюжэце звесткі, аўтар сюжэта парушыў закон пра СМІ.

Кіраўнік юрыдычнага ўпраўлення Белтэлерадыёкампаніі Руслан Жуковіч заявіў, што карэспандэнт рабіў сюжэт не пра Дзмітрука, а пра інфармацыю, змешчаную пра яго ў інтэрнэце. Правяраць, ці адпавядаюць гэтыя звесткі рэчаіснасці, ён быццам бы неабавязаны, бо гаворка ідзе толькі пра іх наяўнасць, а не пра змест.

А такі эпітэт як «амаралка» ці выраз «сэкс-скандал падарваў давер да бацькоў-заснавальнікаў БХД» нічога не кажа персанальна пра Дзмітрука.

Нагадаем, што напрыканцы 2009 года у перадачы «Панарама тыдня» быў паказаны сюжэт, прысвечаны дзейнасці БХД, у якім былі прадстаўленыя запісы размовы прадстаўніц старажытнай прафесіі «Вольгі, Алены і Вольгі», якія абвінавачваюць Дзмітрука ў запазычанасці за «паслугі».

Георгій Дзмітрук у судзебным парадку запатрабаваў прызнаць гэтыя звесткі неадпаведнымі рэчаіснасці, абвергнуць іх у той жа праграме і спагнаць з Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі 128.000.000 рублёў у якасці кампенсацыі за маральную шкоду.

Падобны судовы працэс па позве сустаршыняў БХД Паўла Севярынца і Віталя Рымашэўскага супраць БТ і аглядальніка Першага канала Андрэя Крывашэева адбыўся 22 студзеня. Па выніках пасяджэння ў задавальненні іска было адмоўлена.

– Мы не маем ілюзій, – падзяліўся думкамі з «Салідарнасцю» Павал Севярынец. – Мы ўсведамляем, што суд і Белтэлерадыёкампанія – гэта часткі адной машыны. Але як вернікі мы верым у тое, што прыйдзе час, калі ў нас будзе сапраўды справядлівы суд.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)