Политика
Юлія Рымашэўская, zapraudu.info

Бузэк — Някляеву: «Бязвізавы рэжым для беларусаў цалкам магчымы ў выпадку дэмакратычных выбараў»

2-4 ліпеня адбыўся дзесяты саміт Супольнасці дэмакратый. На ім прысутнічалі міністры замежных спраў шэрагу дзяржаў, гаспадаром выступіў Радаслаў Сікорскі -- міністр замежных спраў Польшы. Па запрашэнні МЗС РП і асабіста спадара Сікорскага, туды прыехаў Уладзімір Някляеў.

Чаму менавіта Някляеў? Польшча ўважліва сочыць за новымі ініцыятывамі, што садзейнічаюць развіццю дэмакратыі ў Беларусі. Сярод іх была вылучана кампанія «Гавары праўду» і яе лідэр.

Асноўнай тэмай саміта стала выпрацоўка і прасоўванне так званай «дарожнай карты» дэмакратыі і пераадоленне пагроз на шляху яе развіцця.

Апроч Уладзіміра Някляева, першага кіраўніка дэмакратычнай Беларусі Станіслава Шушкевіча, праваабаронцы Людмілы Гразновай, наша краіна была прадстаўлена і маладымі палітыкамі. Сярод іх Віталь Рымашэўскі, Міхаіл Пашкевіч, Пётр Кузняцоў. А ўсяго Кракаў прыняў 60 дэлегацый з розных краін свету.

Сярод VIP-гасцей форуму -- старшыня Еўрапарламента Ежы Бузэк, дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан, яе славутая папярэдніца Мадлен Олбрайт, экс-прэзідэнт Польшчы Лех Валенса, лідэр апазіцыі Украіны Юлія Цімашэнка.

Падчас фінальнай сесіі з удзелам міністра замежных спраў Швецыі Карла Більда, якую праводзіў спадар Сікорскі, апошні наўпрост звярнуўся да Уладзіміра Някляева з просьбай пракаментаваць сітуацыю ў Беларусі.

- Найперш я акцэнтаваў увагу на тым, што сапраўдная дэмакратыя стаіць на падмурку маральнасці. Кампанія “Гавары праўду” створана як раз дзеля таго, каб палітыка на Беларусі была маральнай. А мараль толькі там, дзе праўда. Гэта першае. Другое – многія тыя, хто выступаў на форуме, казалі пра тое, што дэмакратыя ў розных краінах і выглядае па-рознаму: мае свае расавыя, нацыянальныя асаблівасці. Гэта так. Але якімі б ні былі адметнасці, асноўны прынцып дэмакратыі – дэлегаванне ўлады народам. Тут -- універсальны прынцып.

Аднак у нас і яго, на жаль, не відаць. І якраз дзеля таго, каб адстаяць гэты прынцып, змяніць сітуацыю, мы робім усе магчымае і немагчымае. Спадар Бузэк заўважыў: у Беларусі немагчымае таксама можа стаць магчымым, як і ў Польшчы.

А падчас маёй размовы са спадарыняй Клінтан, яна заўважыла: Амерыка будзе праводзіць па-ранейшаму паслядоўную палітыку падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі. “Напярэдадні выбараў мы дамо зразумець беларускаму боку, што ў выпадку правядзення насамрэч дэмакратычных выбараў не толькі будуць знятыя ранейшыя санкцыі супраць Беларусі, але і можна весці размову пра пэўныя прэферэнцыі. У выпадку ж паўтарэння аўтарытарнага сцэнарыя пазіцыя ЗША будзе яшчэ больш жорсткай”.

Як я адчуў, спадарыня Клінтан валодае сітуацыяй у Беларусі, у тым ліку, яна ў курсе падзей, што адбыліся з актывістамі «Гавары праўду». На яе думку, брутальны ціск на грамадзянскую супольнасць, якую прадстаўляе наша кампанія, недапушчальны.

Падтрымку кампаніі выказаў таксама старшыня Еўрапарламенту Ежы Бузэк. Падчас размовы была абмеркавана тэма магчымасці бязвізавага рэжыму для беларусаў. Ён узгадаў досвед Польшчы, грамадзяне якой доўгі час мелі магчымасць выязджаць у Еўропу без аніякіх віз. Спадар Бузэк зрабіў з гэтага выснову, што пры ўмове дэмакратычных змен, гэты варыянт цалкам магчымы і для Беларусі.

Тое самае падкрэслівалася на сустрэчы з мінстрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім і яго намеснікам Генрыкам Літвіным, які да апошняга часу быў амбасадарам у Беларусі.

Радаслаў Сікорскі і Уладзімір Някляеў

Падчас сустрэчы з міністрам замежных спраў Літвы спадаром Ажубалісам, было яшчэ раз падкрэслена, што развіццё эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі не здымае праблему заклапочанасці Літвы сітуацыяй з дэмакратыяй і правамі чалавека ў Беларусі.

Усе сустрэчы прайшлі ў двухбаковым фармаце.

Напрыканцы хачу згадаць эпізод, звязаны з Лехам Валенсам. Падчас гутаркі яго дарадца ўзяў тэлефон і сфатаграфаваў нас. Пасля чаго Валенса сказаў: “Зараз буду рабіць вам міжнародную рэкламу“, -- і ўмомант запосціў здымак у сваім блогу. Пасля чаго рубануў: “Тэхналогіі не спыніць, а вось дыктатуру можна і трэба!"

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)