Политика

Бухвостаў і Фядута разышліся ў ацэнцы дзеянняў Мілінкевіча

Палітолаг Аляксандр Фядута і палітычны дзеяч Аляксандр Бухвостаў пракаментавалі адмову Аляксандра Мілінкевча ўдзельнічаць у Кангрэсе дэмакратычных сіл.

На думку Аляксандра Фядуты, Мілінкевіч прыняў правільнае рашэнне, адмовіўшыся ад удзелу ў Кангрэсе.

«Адбылося заканамернае, — піша палітолаг у сваім артыкуле. —Учорашні «адзіны кандыдат», як карабель, спушчаны паўтара года таму са стапэляў Кангрэсу дэмакратычных сілаў, нарэшце зразумеў, што адзіна магчымае яго прызначэнне — вольнае плаванне. Аляксандар Мілінкевіч адмовіўся ад удзелу ў мерапрыемстве сумнеўнай легітымнасці, безумоўна марным і непатрэбным. Запланаванае ўскладненне сістэмы прыняцця палітычных рашэнняў, ператварэнне таго, хто яшчэ нядаўна быў сімвалам усяго дэмакратычнага руху, у вартую жалю марыянетку групы менскіх палітычных тусоўшчыкаў — вось адзіна магчымы вынік будучага форуму. Удзел Мілінкевіча ў Кангрэсе прывёў бы да легітымацыі Кангрэсу ў вачах Захаду і адначасова звёў бы яго самога назаўсёды з беларускай палітычнай сцэны.

На думку, Фядуты, крок, зроблены Мілінкевічам, — “крок рашучага чалавека. Чалавека, які нарэшце зразумеў, што прафэсійная палітыка — гэта не бюракратычная працэдура”.

Іншага погляду прытрымліваецца Аляксандр Бухвостаў. Ён лічыць адмаўленне Мілінкевіча ад удзелу ў кангрэсе спробай раскалоць апазіцыю.

“Гэта меркаванне Мілінкевіча я расцэньваю як раскол апазыцыі, — адзначыў Бухвостаў у інтэрв’ю “Радыё Свабода”. — Пасля прэзідэнцкіх выбараў я цалкам падтрымліваў Мілінкевіча, лічыў, што трэба працягваць справу, каб Мілінкевіч быў на чале дэмакратычных сіл. Не хацелася б, каб гублялася пераемнасць, як мы яе страцілі ў выпадку Ганчарыка. Але, на жаль, так не атрымалася. Мне здаецца, што Мілінкевіч мала ўвагі ўдзяляў працы ўнутры Беларусі. Не працаваў ён над тым, каб сістэматызаваць дзейнасць апазіцыі як лідэр. І таму, натуральна, лідэры самых буйных палітычных партый яго перасталі падтрымліваць. Значыцца, Кангрэс будзе праходзіць без яго".

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)