Спорт
Сяргей НЯТРЭБА

Butch запелі па-беларуску

Расейскі праект Butch, які гучна дэбютаваў на фэстывалі “Нашествие-2001” і падмацаваў посьпех альбомам два гады таму, наважыўся на напісаньне песьні... на беларускай мове.

Хоць у групе ніхто ня мае беларускіх каранёў. Butch складаецца з былых удзельнікаў некалі папулярнай у Расеі групы “Маша и медведи”. Салістка (якая пазыцыянуе сябе хутчэй як саліст) Алена Пагрэбіжская прыйшла ў музыку з журналістыкі. Раней яна працавала палітычным камэнтатарам праграмы “Время” на ГРТ. Некалі Алена ўжо зьдзівіла публіку, калі пасьля поп-рокавага альбому зрабіла кружэлку рамансаў.

Нядаўна Butch прэзэнтавалі сваю новую песьню “Не далі”, напісаную па-беларуску. А гісторыя яе такая. З год таму Butch выступілі разам з групай Indiga ў Менску: народу сабралася меней, чым хацелі масквічы, і таму, каб завабіць беларускую аўдыторыю, яны паабяцалі вярнуцца ў Менск з беларускамоўнай песьняй. Вялася размова наконт таго, каб беларускі варыянт іх новай кампазыцыі зрабіў Андрэй Хадановіч, але расейцы вырашылі даверыць пераклад сваёй маскоўскай знаёмай, якая некалі працавала ў праграме “5х5” на БТ. Лепш, канешне, каб узяўся беларускі паэт, бо памылак у тэксьце хапае: “У любві дзьве стараны адной мэдалі”, — пяе Butch. Але, безумоўна, сама наяўнасьць беларускай песьні ў рэпэртуары расейскіх музыкаў — факт прыемны. Віртуальная прэзэнтацыя песьні мае адбыцца ў адным з тураў на беларускім музычным партале “Тузін гітоў”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)