Бураўкіну далі святло
Да апошняй хвіліны творчая вечарына Генадзя Бураўкіна была пад пагрозай зрыву — спачатку аказалася, што не ўсе запрошаныя госці змогуць прыехаць (некаторым удзельнікам настойліва параілі ўстрымацца ад наведвання мерапрыемства), пазней прыйшло паведамленне, што нібыта ў сувязі з пашкоджаннем электраправодкі ў памяшканні, дзе ладзіцца імпрэза, не будзе святла. І усё ж вечарына адбылася.
Да вялікага здзіўлення прысутных і самога юбіляра ніхто не чыніў перашкоды пры ўваходзе ў будынак, святло ў залі гарэла даволі ярка, а праводка не іскрыла. “Відаць, усё ж такі дамовіліся з “галоўным электрыкам”!” — махалі галавой людзі і паказвалі пальцам некуды ў неба.
Павіншаваць юбіляра сабраліся сябры і знаёмыя паэта. Трэба аддаць належнае Генадзю Мікалаевічу, ён стойка прымаў віншаванні і крытычна ставіўся да ўсіх кампліментаў. На заўвагу акадэміка Радзіма Гарэцкага, што “калі б не справы, чытаў бы Бураўкіна бясконца”, паэт сціпла заўважыў: “Ды я столькі і не напісаў”.
Пасля такога нават урывак з оперы “Дон Жуан”, які прагучаў у выкананні Леаніда Дубавога і Ірыны Цішко, ніхто на рахунак Бураўкіна не прыняў.
Да вялікай радасці юбіляра, госці не абмежаваліся выключна духоўнай ежай. Так, паэт і мастак Сяргей Давідовіч, акрамя сваёй кнігі, падараваў Бураўкіну банку марынаваных баравікоў, якія яны сёлета збіралі разам. Нехта побач уздыхнуў: “Такімі грыбочкамі не грэх і закусіць”. І нібы ў ваду глядзеў: неўзабаве на стале ў юбіляра ўжо красавался і пляшка настойкі з красамоўнай назвай “Бульбаш”.
А вось былы дырэктар тэлецэнтра Георгій Чубат прыйшоў з канвертам. Праўда, там аказаліся толькі фотаздымкі, але юбіляру, здаецца, усё роўна было прыемна.
На жаль, паслухаць песні на вершы Генадзя Бураўкіна можна было толькі ў запісе — Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч па вядомых прычынах прысутнічаць на вечарыне не змаглі, вымушаны быў ад’ехаць на гастролі з “Песнярамі” і Леанід Барткевіч. Тым не менш зала ў захапленні слухала “Завіруху”, якая раздавалася з гукаўзмацняльніка, а на культавай “Калыханцы” ніхто не тое, што не заснуў, а нават не пазяхнуў. Зразумела: самае цікавае было яшчэ наперадзе: усе чакалі, пакуль Бураўкін пачне чытаць свае вершы.
Паэт не прымусіў сябе доўга прасіць. На суд гледачоў былі прадстаўленыя новыя, зусім нядаўна напісаныя вершы, якія ўвойдуць у кнігу “Лісты да запатрабавання”. Атмасфера ў залі стварылася такая, што святло можна было б і не запальваць.
Читайте еще
Избранное