Общество
Анастасія Зелянкова

Бураўкіну далі святло

Да апошняй хвіліны творчая вечарына Генадзя Бураўкіна была пад пагрозай зрыву — спачатку аказалася, што не ўсе запрошаныя госці змогуць прыехаць (некаторым удзельнікам настойліва параілі ўстрымацца ад наведвання мерапрыемства), пазней прыйшло паведамленне, што нібыта ў сувязі з пашкоджаннем электраправодкі ў памяшканні, дзе ладзіцца імпрэза, не будзе святла. І усё ж вечарына адбылася.

Да вялікага здзіўлення прысутных і самога юбіляра ніхто не чыніў перашкоды пры ўваходзе ў будынак, святло ў залі гарэла даволі ярка, а праводка не іскрыла. “Відаць, усё ж такі дамовіліся з “галоўным электрыкам”!” — махалі галавой людзі і паказвалі пальцам некуды ў неба.

Павіншаваць юбіляра сабраліся сябры і знаёмыя паэта. Трэба аддаць належнае Генадзю Мікалаевічу, ён стойка прымаў віншаванні і крытычна ставіўся да ўсіх кампліментаў. На заўвагу акадэміка Радзіма Гарэцкага, што “калі б не справы, чытаў бы Бураўкіна бясконца”, паэт сціпла заўважыў: “Ды я столькі і не напісаў”.

А калі паэт Анатоль Вярцінскі звярнуў увагу, што, відаць, недарэмна вечарыну адкрывалі такія імпэтныя жанчыны, як Марыя Захарэвіч і Зінаіда Бандарэнка, Бураўкін не сумеўся: “Ты яшчэ жонку маю забыў”. Правакацыя не ўдалася, і Вярцінскі бездапаможна развёў рукамі: “Гэта факт агульнавядомы”.

Пасля такога нават урывак з оперы “Дон Жуан”, які прагучаў у выкананні Леаніда Дубавога і Ірыны Цішко, ніхто на рахунак Бураўкіна не прыняў.

Віншаваць госці выходзілі не з пустымі рукамі. Паэты дарылі самае дарагое, што мелі, — свае вершы. Мастакі не адставалі, праўда, ім прыйшлося цяжэй — іх творчасць у кілаграмовым эквіваленце важыла куды болей. Да канца верачыны ў Бураўкіна сабралася аж цэлая карцінная галерэя такіх “віншавальных паштовак” метр на метр ад Леаніда Шчамялёва, Уладзіміра Басалыгі, Уладзіміра Вішнеўскага, Гаўрылы Вашчанкі, Васіля Шаранговіча ды іншых мастакоў і ледзь не цэлы паэтычны зборнік сучаснай паэзіі Рыгора Барадуліна, Анатоля Вярцінскага, Рыгора Сітніцы.

Да вялікай радасці юбіляра, госці не абмежаваліся выключна духоўнай ежай. Так, паэт і мастак Сяргей Давідовіч, акрамя сваёй кнігі, падараваў Бураўкіну банку марынаваных баравікоў, якія яны сёлета збіралі разам. Нехта побач уздыхнуў: “Такімі грыбочкамі не грэх і закусіць”. І нібы ў ваду глядзеў: неўзабаве на стале ў юбіляра ўжо красавался і пляшка настойкі з красамоўнай назвай “Бульбаш”.

А вось былы дырэктар тэлецэнтра Георгій Чубат прыйшоў з канвертам. Праўда, там аказаліся толькі фотаздымкі, але юбіляру, здаецца, усё роўна было прыемна.

На жаль, паслухаць песні на вершы Генадзя Бураўкіна можна было толькі ў запісе — Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч па вядомых прычынах прысутнічаць на вечарыне не змаглі, вымушаны быў ад’ехаць на гастролі з “Песнярамі” і Леанід Барткевіч. Тым не менш зала ў захапленні слухала “Завіруху”, якая раздавалася з гукаўзмацняльніка, а на культавай “Калыханцы” ніхто не тое, што не заснуў, а нават не пазяхнуў. Зразумела: самае цікавае было яшчэ наперадзе: усе чакалі, пакуль Бураўкін пачне чытаць свае вершы.

Паэт не прымусіў сябе доўга прасіць. На суд гледачоў былі прадстаўленыя новыя, зусім нядаўна напісаныя вершы, якія ўвойдуць у кнігу “Лісты да запатрабавання”. Атмасфера ў залі стварылася такая, што святло можна было б і не запальваць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)