Общество
Анастасія Зелянкова

Бураўкін атрымаў найдаражэйшыя паветраныя шарыкі

Учора паэту Генадзю Бураўкіну споўнілася 70 год. Павіншаваць юбіляра мы змаглі толькі на наступны дзень — ягоны тэлефон увесь час быў адключаны. “Мне так многа тэлефанавалі, што проста кончылася энергія, — патлумачыў Генадзь Мікалаевіч і ўдакладніў: — Не мая, канешне, тэлефона”.

Увесь учаршні дзень Генадзь Мікалаевіч правёў “пад яблынямі”. У тым сэнсе, што святкаваў ён свой дзень нараджэння на прыродзе.

— Дзякуй, надвор’е паспрыяла, — распавядае паэт. — Мы былі ўсёй сям’ёй на лецішчы. Прыехалі дзеці, унукі. Так вось і адзначылі.

З тых, хто ўчора змог-такі павіншаваць юбіляра, былі ягоныя сябры-пісьменнікі — Рыгор Барадулін, Сяргей Законнікаў, Віктар Казько, Анатоль Кудравец, Уладзімір Някляеў. Яшчэ з раніцы патэлефанавала Зінаіда Бандарэнка, а Анатоль Ярмоленка званіў нават з Украіны, дзе зараз знаходзіцца на гастролях.

Віншавалі і былыя калегі па радыё і тэлебачанні, але сённяшняе кіраўнітва Белтэлерадыёкампаніі пра юбіляра не ўспомніла.

— Я не з тых, пра каго там хочуць памятаць, да чыёй думкі жадаюць прыслухоўвацца, — удакладняе Генадзь Мікалаевіч.

Самым дарагім падарункам для Генадзя Бураўкіна ў гэты дзень стаў малюнак унучкі. Трохгадовая Маша намалявала для свайго дзядулі паветраныя шарыкі.

— Як змагла, так і намалявала — як усе трохгадовыя дзеці. Але для мяне гэты малюнак найдаражэйшы, — расчулена расказвае Генадзь Мікалаевіч.

— А 70 год — гэта вельмі страшна? — асцярожна цікавімся мы.

— Не, гэта не страшна, — падумаўшы, адказвае пісьменнік і па-філасофску дадае: — Але многа.

На развітанне мы пажадалі юбіляру пражыць яшчэ столькі ж год у вольнай Беларусі — той, пра якую ён марыў заўсёды.

— Ну, калі гэта будзе так, то абавязкова яшчэ столькі пражыву!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)