Политика
Анастасія Зелянкова

«Бунтаўшчыкі» вярнуліся ў Мінск

Затрыманых у мінулыя выхадныя ў Віцебску Крысціну Шацікаву, Івана Спірына, Яўгена Папковіча, Івана Бурыкіна і Сяргея Шабанава дапрасілі ў якасці сведкаў па крымінальнай справе. Учора адразу пасля суда моладзевых актывістаў новастворанага руху «Бунт», зноў затрымалі і даставілі ў аддзяленне для дачы паказанняў.

— Мне нават не патлумачылі, чаго ад мяне хочуць, — расказала ў размове з карэспандэнтам «Салідарнасці» Крысціна Шацікава. — Адразу пасля суда мяне завезлі ў псіхіятрычную бальніцу для агляду, пасля зноў у дзяжурку. Гадзіну я правяла там, пасля чаго мяне адвялі да следчага. Ён нічога не патлумачыў. Сказаў толькі, што хоча дапрасіць мяне ў якасці сведкі наконт той акалічнасці, што я забралася на вежу. На гэта я яму адказала, што літаральна некалькі гадзін таму гэтая справа разглядалася судом, які вызваліў мяне з-пад варты, прысудзіўшы штраф, а значыць, ніякіх паказанняў я даваць не буду. Тады следчы вельмі размыта стаў тлумачыць, што справа датычыцца яшчэ і нейкай забароненай літаратуры, лістовак і налепак. Але дакладна, што гэта за справа і па якім артыкуле яна ўзбуджана, ён не сказаў. Паколькі я сябе вельмі дрэнна адчувала і ледзь не губляла прытомнасць — напярэдадні ў мяне быў гіпертанічны крыз, — я не стала больш нічога расказваць. Ніякіх дакументаў, акрамя пратакола выемкі тэлефона, мне на рукі не далі.

Па словах Крысціны Шацікавай, толькі ў дзесятай гадзіне яна змагла выйсці з кабінета следчага. Аднак і пасля гэтага пазбавіцца ад пільнай увагі з боку правахоўных органаў ёй не ўдалося.

— Мяне фактычна сілай вывезлі з Віцебска, — расказвае яна. — Міліцыянты сказалі: «Паедзеш з намі да пункту назначэння», затым мяне пасадзілі на цягнік і канваіравалі да самай Оршы.

Нагадаем, што Крысціна Шацікава была затрымана 18 чэрвеня ў Віцебску, калі, забраўшыся на асвятляльную вежу, ўсталявала на ёй бел-чырвона-белы сцяг. Учора Кастрычніцкі суд г.Віцебска аштрафаваў актывістку на 150 базавых велічынь паводле трох артыкулаў адміністрацыйнага кодэкса — за хуліганства ў грамадскім месцы, за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі і за правядзенне несанкцыянаванага пікету. Яшчэ трох моладзевых актывістаў — Івана Спірына, Сяргея Шабанава і Івана Бурыкіна — суд прызнаў вінаватымі ў дробным хуліганстве і пакараў штрафам у памеры адной базавай велічыні (па 31 тысячы рублёў). Яўген Папковіч быў апраўданы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)