Экономика

«Будзе спроба ўвесці ў менеджмент «сваіх людзей». Чым пагражае А1 заява Лукашэнкі пра «жорсткія меры»?

Прагноз ад крыніцы Нашай Нівы.

Пасля затрымання прэс-сакратара А1 Мікалая Брэдзелева прапаганда накінулася на мабільнага аператара і абвінаваціла яго ў зліве дадзеных. Праўда, каму і якіх, не ўдакладнялася.

А1 пракаментавала, што будзе абараняцца і абараняць супрацоўнікаў, а таксама, што мае строгія стандарты па папярэджанні зліву дадзеных і механізмы расследавання такіх спраў.

Скандал выйшаў на ўзровень аўстрыйскага МЗС. А ўчора намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Луцкі заявіў, што Лукашэнка запатрабаваў ацаніць дзейнасць кампаніі і прыняць «жорсткія меры».

— Тэлекамунікацыйны і кантэнт-правайдар А1 у пэўным сэнсе «зліваў» не той кантэнт і не туды. Гэта парушае любыя маральныя, этычныя і юрыдычныя нормы і правілы. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка даручыў правесці ацэнку дзеянняў кампаніі, — сказаў учора Ігар Луцкі.

Тое, што такую пагрозу агучыў не старшыня КДК ці КДБ, а толькі Луцкі, пакідае спадзеў на тое, што абыдзецца без сур’ёзных наступстваў.

— Увогуле, гэтая працяглая пагрозлівая гаварыльня выбіваецца са звыклай мадэлі паводзінаў уладаў, які сёння, не азіраючыся, могуць дазволіць сабе любы пагром, — кажа крыніца «Нашай Нівы», абазнаная ў гэтай сферы. — Вылучаецца гісторыя і адсутнасцю канкрэтыкі, толькі яе абрысамі, якія трапляюць у паблік: і Луцкі, і прапаганда гавораць пра нейкія таямнічыя злівы, сэнс якіх, роўна як іх адрасаты і пацярпелыя не разгалошваюцца.

Імаверна, спецыфічны характар гэтых «зліваў», які наўрадці мог бы пашкодзіць шырокаму колу кліентаў (як гэта спрабуе выставіць прапаганда), і не дае чыноўнікам да канца дагаворваць фразы.

— Гэтак званымі «злівамі» інфармацыі займаліся нават паштальёнкі, наіўна было б думаць, што не было зліваў з боку мабільных аператараў — і я спецыяльна не вылучаю толькі аднаго з іх, — адзначае наш суразмоўца. — Пытанне, якія злівы сістэма палічыла небяспечнымі для сябе.

Я думаю, гаворка ідзе пра трыангуляцыю (месцазнаходжанне — заўв. «НН») абанентаў у пэўны час, раздрукоўкі званкоў паміж абанентамі, з чаго, пры правільным падыходзе, можна зрабіць адназначныя і пэўныя высновы.Прыклад мы ўсе назіралі падчас прагляду расследавання аб сапраўдных абставінах смерці Рамана Бандарэнкі.

— Я думаю, што шукаюць канкрэтных людзей, адказных за злівы трыангуляцый, пра гэта ўскосна сведчаць ўцёкі асобных тэхнічных супрацоўнікаў з многіх кампаній, не толькі ад аператараў, — гаворыць наш суразмоўца. — У МТС цяпер увялі ў штат кадэбэшніка, чыя работа, як разумею, шукаць хто, што і калі.

А1 увядзенню такога работніка ў свой штат супраціўляецца. Я думаю, гэта ім настойлівы і працяглы сігнал, каб выдавалі сваіх і прымалі прапанову на ўвядзенне асабістаў у штат.

Калі глядзець на ўсё гэта вачыма Церцеля, то складваецца няёмкая сітуацыя — кампанія з замежным капіталам можа ведаць, дзе і калі знаходзіцца любы супрацоўнік гэтак званых сілавых структур, чыноўнік, і з кім ён гаворыць, а ўздзеянне на гэтую кампанію мінімальнае, — дадае наш суразмоўца.

Пакуль што да канца не ясна месца прэс-сакратара Брэдзелева ў гэтай гісторыі. Стаў ён мэтанакіраванай ахвярай рэпрэсій, ці проста зручным для атакі супадзеннем? У кулуарах папулярная версія, што яго ўзялі выпадкова.

— Даказаная такім чынам нелаяльнасць накладзецца на старыя факты аб знятай з дзяржаўнага тэлебачання рэкламе летам 2020-га. Гэтыя неякія «злівы» — гэтага сёння ўжо дастаткова з улікам масіву інфармацыі, якім яны валодаюць, — лічыць іншы наш суразмоўца.

— У чым канчатковая задача?

— Я думаю, будзе спроба ўвесці ў менеджмент нейкіх сваіх людзей пад гэтай маркай, што гэта асноўнае. Ну, а паралельна рознага роду канкурэнты будуць спрабаваць вырашыць свае задачы, — кажа іншы наш суразмоўца. — МТС — свае.

ААЦ, які ўжо вядома, што пойдзе ў А1 з праверкай — свае (ААЦ — сузаснавальнік BeCloud, аднаго з двух у Беларусі цэнтраў захавання дадзеных, другі створаны А1).

Чым скончыцца праверка, якую правядзе прамы канкурэнт, можна ў прынцыпе спрагназаваць — нічым добрым, — адзначыў суразмоўца.