Общество
Зьміцер Панкавец, фота Юліі Дарашкевіч і Андрэя Лянкевіча, ”Наша нiва”

Будслаўскі фэст сабраў тысячы вернікаў

Пілігрымы прынесьлі з сабой 500-гадовы драўляны крыж. Кульмінацыяй урачыстасьцяў стала начная працэсія па Будславе.

У нядзелю, у дзень пачатку фэсту, задажджыла. Гэты дзень стаў найцяжкім для шматлікіх пілігрымаў, якія выправіліся пакланіцца Маці Божай Будслаўскай з розных канцоў краіны — Жодзіна, Віцебску, Браслава, Маладэчна. Пілігрымка з Баранавічаў, напрыклад, ішла дванаццаць дзён.

Пробашч менскага Чырвонага касьцёлу Ўладзіслаў Завальнюк узначаліў пілігрымку на байдарках па рэках Вяльлі і Сэрвачы зь Вільні. З сабой яны везьлі 500-гадовы вялікі драўляны крыж.

Зь Менску ў пяцідзённую пілігрымку выйшлі 380 паломнікаў. Сярод іх ня толькі каталікі, але й праваслаўныя, пратэстанты, уніяты. Пілігрымаў цёпла сустракалі ў прыдарожных вёсках — бралі да сябе на ноч, кармілі, нават рабілі лазьню.

З сталічнымі пілігрымамі ішоў праваслаўны манах зь Пецярбургу, а таксама цемнаскуры хлопец з Брытаніі. Яны спэцыяльна прыехалі ў Беларусь дзеля знакамітае пілігрымкі. Шмат людзей далучалася да пілігрымаў па дарозе.

Як заўсёды шматлікай была дэлегацыя Віцебскай дыяцэзіі, адкуль дарогу пешшу адолела 1500 чалавек.

Кожная дэлегацыя мела свае апазнавальныя рысы. На сталічных пілігрымах былі жоўтыя хусьцінкі, баранавіцкія мелі сінія, маладачанцы трымалі ў руках жоўтыя сланечнікі.

Пілігрымы пачалі падыходзіць у Будслаў пасьля абеду. Па традыцыі, яны найперш кіраваліся да сьвятыні. Многія прапаўзалі гэты апошні адцінак шляху на каленях. Пасьля чаго разьбівалі намётавыя мястэчкі практычна ва ўсіх кутках Будслава.

Думалася, што праз залевы — іх за дзень пранеслася над Будславам аж тры, прычым адна з градам — людзей на фэсьце будзе меней, чым летась. Дык жа не. Не зьлічыць было машын і аўтобусаў. Імі заставілі мястэчка і палеткі, якія сталі імправізаванымі паркінгамі. Кіроўцам, якія прыехалі пад ноч, прыходзілася паркавацца за некалькі кілямэтраў ад базылікі.

Пад алтаром шмат сьпявалі: па-сучаснаму, па-беларуску. Увогуле, сярод людзей было шмат беларускамоўных. Пасьля каталіцкай імшы для пілігрымаў, уніяцкі хор адсьпяваў акафіст.

З кожным годам фэст аднаўляе экумэнічныя рыскі, уласьцівыя яму ў мінулых стагодзьдзях. Яго наведваюць людзі розных вызнаньняў. Было трохі прыкра, што гэтага факту не падмеціў у сваім слове да грамады біскуп Антоні Дзям’янка.

Адным зь першых я сустрэў ля санктуарыю Паўла Севярынца. Ён раздаваў аўтографы. Севярынец у Будслаў прыехаў упершыню. Было відаць, што ён не чакаў убачыць такую грамаду і быў уражаны настроем фэсту.

Насупраць касьцёлу, па-над балотам, што стала пасьля дажджоў — ліўневай каналізацыі пакуль няма — стаяла чарада палатак. Там прадавалі зьнічы, абразкі, ружанцы, сувэніры. Была адна ятка ад праваслаўнага кляштару. Бойка ішоў гандаль традыцыйнымі фэставымі смактулькамі-пеўнікамі. Іх з пражанага цукру і розных фарбавальнікаў вараць тутэйшыя майстры.

З другога боку разлогае Краснае плошчы прадавалі паесьці і папіць — ад гарбаты да шашлыкоў. Зьехаліся сюды ўсе раённыя крамы спажыўкаапэрацыі, кавярні і многія прыватнікі з сваёй пярэстай драбязой.

Плошча Красная — колісь гэта значыла «прыгожая, харошая». Так, як кажуць, «Краснасельле» ці «Красны Бор». На цяперашніх шыльдах, вядома плошча мянуецца «Чырвонай». Невуцтва выяўляецца. Таксама і ў нязграбным добраўпарадкаваньні Будслава, калі грошы выкідваюцца на дурніцы, — падбельваньне бардзюраў, абрэзваньне дрэваў ці пракладку дарожак у сквэры, а няма лавак, каб людзям прысесьці адпачыць і перакусіць з дарогі. Ды ўсё гэта не псуе сьвята. Найбольшага сьвята для соцень вернікаў і, вядома, духавенства.

Ксяндзы й манашкі практычна ўсе беларускамоўныя. Шмат у каго з маладых былі бел-чырвона-белыя стужачкі, фенечкі і значкі «За Свабоду».

Ксёндз-вядоўца вітаў моладзь: «У гэты самы час у Менску адбываецца канцэрт «Акіяну Эльзы». Некаторыя з прысутных хацелі б туды трапіць, для некаторых быў складаны выбар, куды пайсьці. Але вы не пашкадуеце, што выбралі пілігрымку».

Сьвятары не вагаюцца гаварыць з амбоны на самай народнай мове — дзівоснай трасянцы. «Пацяраўся муж. Адвард Часлававіч, вас чакаюць каля бочкі са сьвянцонай вадой пад фанаром».

Дзіва што людзі губляліся. Чым меней часу заставалася да поўначы, тым болей народу сьцякалася да базылікі. Кульмінацыя фэсту — урачыстая працэсія апоўначы. Не акінуць вокам было гэтае людзкое мора. Толькі на вялікім экране, якім стаў мур базылікі, можна было пабачыць від фэсту зьверху. Праз праектар адбывалася трансьляцыя зь некалькіх камэраў. Гэтае ноў-хаў было ўжытае на фэсьце ўпершыню. Дарэчы, усе заўсёднікі фэсту адзначалі добрую арганізацыю сёлетняга збору.

За некалькі хвілін да поўначы на ўсім пляцы былога савецкага аэрадрома пачалі запальвацца сьвечкі. Нарэшце хоры касьцёлаў Сьвятой Тройцы і Яна Хрысьціцеля са сталіцы пачынаюць: «Ойча наш, каторы ёсьць у небе...», і працэсія зь дзесяткаў сьвятароў, якую ўзначальваюць біскупы менска-магілёўскі Антоні Дзем’янка, віцебскі Ўладзіслаў Блін і пінскі Казімір Вялікаселец, пакідае базыліку і па жывым калідоры набліжаецца да вялікага алтара, збудаванага з паўночнага боку храму. Абраз спускаецца да людзей, і рака сьвечак паволі плыве за ім з поля на плошчу, цячэ ўздоўж яе, утвараючы кілямэтровае жывое кола. У начной цішы хор сьпявае гімн Багародзіцы. Абраз ужо вяртаецца на алтар, а людзі з задніх шэрагаў яшчэ толькі пачынаюць свой ход. Відовішча заварожвае.

Паводле ацэнак сьвятароў-арганізатараў фэсту, сёлета ў Будслаў зьехалася каля 45 тысяч чалавек.

«НН» 100 гадоў таму

21 юня (2 ліпеня па новым стылі) быў фэст. Людзей было вельмі многа. Людзі, чым купіць газэту, нясуць свае саракоўкі да манаполькі. Манаполька зарабіла каля тысячы рублёў ад мужыкоў. Было шмат стражнікаў, усё са стрэльбамі. Але нічога «падазрыцельнага» не было. Нават п’яныя не пабіліся.

Васіль Красіва. №25. 1907

Фэст на вачах ператвараецца ў сьвята нацыянальнага маштабу. Аднак апроч другасных чыноўнікаў з камітэту па справах рэлігіяў і прадстаўнікоў райвыканкаму, ад уладаў у Будслаў ніхто не прыяжджае. А на добры лад, гэткай падзеі пасавала б прысутнасьць першых асобаў дзяржавы. Дарэчы была б і жывая трансьляцыя на тэлебачаньні.

Зрэшты, адсутнасьць лішняй помпы надае фэсту пачуцьця і непасрэднасьці.

Сьвята абышлося безь вялікіх інцыдэнтаў, калі не лічыць таго, што ксёндз Уладзіслаў Завальнюк у часе пілігрымкі перакуліўся з байдаркі ў ваду. Паломнікі віталі пробашча сталічнага касьцёлу Сьвятых Сымона і Алены з асаблівай цёплынёй, як пралата, які асабліва шмат робіць для наданьня сьвяту міжнароднага характару.

У нядзелю супрацоўнікі міліцыі — яны зьехаліся на фэст з усяго раёну — затрымалі сямёх зборшчыкаў подпісаў за адмену закону аб свабодзе сумленьня. Гэта былі актывісты Хрысьціянскай дэмакратыі і незарэгістраванага «Маладога фронту».

Калі ж на дзённай імшы ў панядзелак дзяўчына з Барысава Кася разгарнула бел-чырвона-белы сьцяг, ніхто ня быў супраць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)