Скандалы

Будоўлю «Тапас» каля заказьніка «Лебядзіны» правяраюць

Праект па будаўніцтве шматфункцыянальнага комплексу каля става ў менскім заказьніку «Лебядзіны» знаходзіцца на карэктаваньні. Пра гэта Радыё Свабода ў пісьмовым адказе паведаміла намесьнік старшыні Камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму Вольга Верамей.

Інвэстыцыйны праект па будаўніцтве шматфункцыянальнага комплексу ўключае ў сябе добраўпарадкаваньне тэрыторыі грамадзкага карыстаньня. Эколягі заяўляюць, што адзіны ў Менску заказьнік можа зьнікнуць.

— Архітэктурным праектам забудовы комплексу заплянавана добраўпарадкаваньне ляндшафтна-рэкрэацыйнай зоны, у тым ліку ў межах рэспубліканскага біялягічнага заказьніка «Лебядзіны». У наш час праект знаходзіцца на карэктыроўцы, пасьля чаго будзе прадстаўлены на экспэртызу, у тым ліку па пытаньні шкоды заказьніку, — адзначыла Вольга Верамей.

Вольга Верамей, аднак, не адказала на пытаньне, што канкрэтна ўзводзіцца каля самога става ў менскім заказьніку «Лебядзіны».

У сваім расьледаваньні блогер Антон Матолька выказаў меркаваньне, што на самым беразе возера (яго плошча каля 15 га) у «Лебядзіным» падрыхтавалі пляцоўку пад будоўлю рэстарана.

У кампаніі «Тапас» карэспандэнту Свабоды не адказалі на пытаньні, ці спыненыя будаўнічыя працы ў сувязі з карэктаваньнем і экспэртызай праекту і што ўключае ў сябе добраўпарадкаваньне ляндшафтна-рэкрэацыйнай зоны ў межах заказьніка.

Раней у кампаніі «Тапас» Свабодзе казалі, што будаўніцтва аб’екта ажыцьцяўляецца «ў адпаведнасьці з праектна-каштарыснай дакумэнтацыяй і зацьверджанай канцэпцыяй забудовы».

У лютым 2018 году Аляксандар Лукашэнка ўнёс зьмены ў генплян Менску. Ад ляндшафтна-рэкрэацыйнай зоны рэспубліканскага біялягічнага заказьніка «Лебядзіны» адарвалі 3,45 га ў раёне вуліц Ціміразева — Ратамскай.

Частку гэтых зямель перадалі кампаніі «Тапас», якая згодна з указам прэзыдэнта № 365 ад 2014 году будуе жылыя комплексы «Браслаўскі» і «Алімпік-Парк» побач з заказьнікам (у межах праспэкту Пераможцаў — вуліц Браслаўскай і Ціміразева).

Зямельныя ўчасткі «Тапас» атрымаў без аўкцыёну, яму таксама далі розныя льготы. Сярод іншага Лукашэнка дазволіў «выдаляць аб’екты расьліннага сьвету без правядзеньня кампэнсацыйных пасадак» і «ажыцьцяўляць зьняцьце ўрадлівага пласта глебы». Комплексы дабудуюць у 2019 годзе.

Эколягі заўважылі, што «Тапас» пачаў мяняць праект, які прадугледжваў малапавярховую забудову. На мапах, якія апублікаваў Антон Матолька, відаць, што каля самога става ў менскім заказьніку «Лебядзіны» кампанія ўдзельніка хакейнай каманды Лукашэнкі пачала будаваць жыльлёвы комплекс.

Эколягі заяўляюць, што адзіны ў Менску заказьнік можа зьнікнуць.

ТАА «Тапас» — адзін з найбуйнейшых забудоўшчыкаў Менску. Узначальвае кампанію вядучы хакеіст прэзыдэнцкай каманды Павал Белы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)