Общество

Наталля Север

Будкін: «Сапраўдная беларуская культура сувязі з Еўропай не страціць. Але рэжым сам сабе адрэзаў гэтую сувязь»

Кіраўнік Беларускай рады культуры — пра адмову ўладаў ад еўрапейскай культурнай інтэграцыі.

Беларусь прыпыніла дзеянне на сваёй тэрыторыі Еўрапейскай культурнай канвенцыі, якая была прынятая Радай Еўропы ў Парыжы 19 снежня 1954 года. Адпаведная пастанова ўрада №822 ад 28 лістапада 2023 апублікавана на Нацыянальным прававым партале.

Беларусь — адзіная з 46 краін, якія ратыфікавалі Канвенцыю, прыняла такое рашэнне.

— Калі паразважаць, то такое рашэнне беларускага ўрада варта нават ухвалы, — з іроніяй адзначае ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін. — Канвенцыя прадугледжвае тое, што яе ўдзельнікі маюць павагу адзін да аднаго, да культуры адзін аднаго, узбагачаюць разам еўрапейскую культуру, фактычна з’яўляюцца часткай еўрапейскай сям’і.

Сяргей Будкін

Таму пазіцыя беларускіх уладаў абсалютна паслядоўная. Мы маем вельмі шмат прыкладаў таго, як рэжым не тое, каб заахвочвае, а, наадварот, цісне, асабліва на нацыянальныя меншасці, на мову, на культуру суседніх еўрапейскіх краінаў.

Яны лічаць усё гэта амаль варожым, успрымаюць у штыкі. Як прыклад — закрыццё польскіх і літоўскіх школ.

Таму выходзіць, што рэжым такім рашэннем сам сябе выключае з гэтага працэсу, намякаючы на тое, што каштоўнасна ён гэтага не прымае, вызначае гэтыя прынцыпы чужымі для сябе. Бо гэта добрая воля краіны — прымаць удзел у Канвенцыі ці не.

Ідэалагічна беларускі рэжым і яго культура, якая мае выключна функцыю абслугоўвання рэжыму, павернутыя спіной да Еўропы, а разгорнутыя яны ў бок Масквы.

Вынікае, і ўласна было прызнана, што ніякага інтарэсу да пошуку ўзаемапаразумення, узаемаўзбагачэння з еўрапейскімі краінамі няма. І з гэтага пункту гледжання логіка ў гэтым рашэнні ёсць.

Адзначу, што яно абсалютна супрацьлеглае таму, што робіць, напрыклад, Беларуская рада культуры. Мы як раз актыўна наладжваем сувязь з Еўрасаюзам, з еўрапейскімі інстытуцыямі.

Зараз разам з Дацкім інстытутам культуры рэалізуем праграму падтрымкі беларускай культуры, якую падтрымала Еўракамісія, таксама распрацоўваем іншыя прапановы па падтрымцы па сферах беларускай культуры.

Альтэрнатыўнага бюджэту на культуру ў нас няма, але ёсць каласальная прапанова ад творцаў і жаданне інтэгравацца, менавіта тое, што прапісана ў Канвенцыі.

І яны інтэгруюцца, таму сапраўдная беларуская культура сувязі з Еўропай не страціць. Але рэжым сам сабе адрэзаў гэтую сувязь.

— Зараз галоўнае поле і для інтэграцыі, і для змагання — інфармацыйнае. І на ім беларускія ўлады спрабуюць змагацца з Захадам. Няўжо яны не разумеюць, што для гэтага ты ўсё роўна павінен валодаць і мовай, і нейкім разуменнем культуры?

— Мы схільныя шукаць нешта рацыянальнае ў дзеяннях рэжыму. А ён карыстаецца толькі эмоцыямі. Беларусі і Расіі пасля вайны абрэзалі ўсе паўнамоцтвы. Таму гэта, магчыма, затоеная злосць, крыўда: вось вы нас выкінулі, дык мы і не будзем удзельнічаць наогул.

Тое самае было з Еўрабачаннем. Спачатку яно лічылася ледзьве не «нацыянальным відам спорту», калі адказным прызначалі нават прэм’ера.

А калі Беларусь пазбавілі магчымасці выступаць, пачалася такая рыторыка, маўляў, і не патрэбна нам ваша Еўрабачанне, мы лепей у Маскву будзем ездзіць.

— Але ж метад нагадвае нешта накшталту «бамбіць Варонеж».

— Менавіта. Гэта проціпастаўленне сябе цывілізаванаму свету.

— Вы зараз маеце досвед развіцця культуры ў еўрапейскай прасторы. З пункту гледжання здаровага сэнсу наколькі нам патрэбна гэта інтэграванне, вывучэнне іншых моў, прасоўванне беларускага?

— Гэта патрэба расце з кожным годам, таму што ўсё больш беларусаў апынаюцца ў іншых краінах і адначасова сутыкаюцца з дзвюма праблемамі: як даносіць сваю павестку, тое, што яны не прадстаўляюць рэжым, што яны не агрэсары, што належаць да еўрапейскай сям’і народаў, што ў нашай краіне багатая гісторыя, і пры гэтым умець чуць і разумець людзей той краіны, дзе яны знаходзяцца.

І вось гэты баланс даволі складана вытрымліваць. Яшчэ і таму, што амаль ніхто з нас не быў гатовы да інтэграцыі ў такім аб’ёме. Імкненне захаваць сваё і вывучаць чужое — даволі складаная праца, якая патрабуе прыкладаць высілкі.

— І ўсё ж, што па-першае нам, вялікай колькасці беларусаў, якія знаходзяцца ў іншых краінах, трэба рабіць — захоўваць сваё ці ўсе намаганні вылучаць для таго, каб вывучаць чужое?

— Адказ як раз павінен быць у тым, што гэта мусіць быць пасярэдзіне.

Таму што калі мы будзем толькі праз сваё, то мы рызыкуем застацца выключна ў сваім эмігранцкім коле. Калі мы будзем толькі пра чужое, то мы растворымся ў чужым грамадстве.

Думаю, гэта такі цікавы выклік перад кожным, хто пераехаў і не быў да гэтага гатовы, — утрымаць баланс. Напрыклад, з дзецьмі дома размаўляць па-беларуску, але пры гэтым насядаць на тое, каб яны вучылі мову і культуру той краіны, дзе апынуліся. Такая задача з зорачкай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(11)