Общество

Ганна Ермаковіч, Новы час

Будкін: Калі б сілавікі выхоўваліся на творах Арлова і на музыцы Вольскага, то гэтага жаху не было

Імя Сяргея Будкіна знаёмае кожнаму, хто цікавіцца незалежнай беларускай культурай.

На працягу 18 гадоў аўтар праекта «Тузін гітоў» знаёміў беларусаў з творамі нашых суайчыннікаў, якімі варта ганарыцца, пакуль па БТ круцілі даўно знаёмых і не надта таленавітых таварышаў. 2020 год у той ці іншай ступені змяніў жыццё кожнага беларуса, і мой суразмоўца не стаў выключэннем.

Сёння Сяргей Будкін вымушана знаходзіцца па-за межамі роднай краіны і ўзначальвае Беларускую Раду Культуры. Мы паразмаўлялі з Сяргеем пра лёс беларускай культуры і пра тое, чаго атрымалася дасягнуць за год на пасадзе кіраўніка Рады.

— Сяргей, нядаўна пайшоў з жыцця Сяргей Філімонаў — ваш сябар, аўтар праграмы «Відзьмо-Невідзьмо», чалавек, які значна паўплываў на музычны і эстэтычны густ беларусаў. А каго б вы яшчэ паставілі ў шэраг людзей, што зрабілі падобны ўнёсак у развіццё нашай культурнай свядомасці?

— Такіх людзей шмат. Найперш адзначу тых, хто паўплываў асабіста на мяне: Максім Жбанкоў, Міхал Анемпадыстаў, Адам Глобус, нашаніўская супольнасць — тыя, хто адраджалі «НН» у дзевяностых — Сяргей Дубавец, Сяргей Харэўскі, Ігар Бабкоў… Спіс гэты можна доўжыць. У беларусаў хапае тых, хто выхоўвае нацыянальны густ.

— А хто, на вашую думку, наадварот вінаваты ў тым, што дурны музычны густ так распаўсюджаны? Ці ёсць канкрэтныя персаналіі?

— Складана прызначыць вінаватага. Гэта комплексная праблема, завязаная на атачэнні, выхаванні, адукацыі… Проста нехта лянуецца і спажывае тое, да чаго лёгка дакрануцца, а хтосьці не шкадуе высілкаў, каб капнуць глыбока. Каб дацягнуцца да добрай музыкі, фільмаў, кніг, варта зрабіць пэўныя намаганні.

— Вы прысвяцілі беларускай андэграўнд-сцэне значную частку свайго жыцця. Чаму для вас так істотна распаўсюджваць менавіта беларускае, і што такога асаблівага ёсць у нашых музыках, што вас прываблівае?

— Варта адзначыць, што я не пазіцыяную сябе як музычнага крытыка. Проста калісьці музыка стала выдатным інструментам, каб паспрабаваць вырашыць праблему з тым, што беларуская мова трактуецца шмат кім як надуманая, непатрэбная, як мова, з якой нельга нічога вартага стварыць, якая не зацікавіць публіку…

І каб абвергнуць падобнае меркаванне, прыйшла ідэя зрабіць гіт-парад беларускамоўных песень. Потым гіт-парад ператварыўся ў вялікі праект «Тузін гітоў», які існаваў 18 гадоў.

Зараз ужо мы працуем на іншым узроўні як Беларуская Рада Культуры, і выкарыстоўваем розныя інструменты для данясення простай і зразумелай думкі, што без культуры фактычна няма і народа.

Усе трагічныя падзеі, якія з намі здарыліся і працягваюць здарацца, можна было прадухіліць, калі весці добрую, сур’ёзную працу ў полі культуры. Вось, скажам, калі б сілавікі выхоўваліся на творах Арлова, на музыцы Вольскага, то мы б не ўбачылі тое, што бычым ўжо напряцягу многіх месяцаў.

Цалкам артыкул чытайце тут

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(9)