«Будаўнікоў і сантэхнікаў трэба страляць як пры Сталіну»

Меркаванне даслаў у «Нашу Нiву» чытач Андрэй Малашэня (хірург, Мінск).

Мне будуць казаць: з ЖЭСаўскай і Мінбудаўскай сферамі нічога не зробіш. Але ж здавалася калісьці: з паступленнем ва ўніверсітэты нічога не зробіш. Карупцыя была ўсюды. А вось увялі цэнтралізаванае тэставанне, і адразу ўсё ўстала на месцы. Здавалася, чэргі ў БТІ вечныя, а з імі і неабходнасць даваць на лапу. Але правялі дэбюракратызацыю, і цяпер атрымліваем даведкі без неабходнасці клясці «гэту п’яўку».

Я хірург, і вось што мяне заўжды абурала. У нашай прафесіі кожная памылка робіцца тэмай для абмеркавання. А разгільдзяйства можа нават прывесці цябе ў турму. А вось разгільдзяйства, нахабная, паўсюдная, будзённая халтура дарожнікаў, будаўнікоў, маляроў не паддаецца ў нашай краіне ні кантролю, ні пакаранню.

Трэба каб здарылася нешта зусім жахлівае, як падзенне даху ў школе ў Краснаполлі, каб пачалося расследаванне. Трэба каб у выніку ямкі на МКАД пабілася 14 машын, каб нехта зачапіў тэму. А калі ў новым доме цячэ дах, не адкрываюцца форткі, сіфоніць каля шклопакета і трэскае тынк — гэта ў Беларусі звычайная рэч.

Капрамонт два гады — гэта па-нашаму.

Неабходнасць змагацца з пабытовым ідыёцтвам мяне дабівае ў нашай краіне больш за ўсё.

Чаму на выклік прыходзіць п’яны сантэхнік і ставіць мне пракладку пад бачок так, што праз тыдзень пачынае цячы вінт мацавання?

Чаму я павінен шкрэбсці шпатэлем вокны за тынкоўшчыкамі, якія заляпалі іх клеем?

Чаму ў мяне на вуліцы штогод вылазяць ямы ў асфальце і разбіваюць падвеску ў маёй машыне?

Гэта ўсё забірае ў мяне не толькі грошы — яно забірае ў мяне час, які я мог бы вытраціць на новых пацыентаў, на павышэнне кваліфікацыі.

Я мог бы ў гэты час «ратаваць людзей», гаворачы высокім стылем. Урэшце, я маю права і на час для дзяцей, я маю права ў шахматы пагуляць, а не круціцца як вавёрка ў коле бытавых праблем. Калі ў краіне хірург павінен асабіста мяняць пракладкі ў кранах і мыць пляцоўкі ў пад’ездах — хоць ён плаціць грошы на ўтрыманне сантэхніка і прыбіральшчыцы, абавязак якіх тое рабіць, — такая краіна асуджаная на адставанне і заняпад, якія грошы ў яе ні ўбухай.

І кожны раз мне ўсё цяжэй супраціўляцца аргументам жонкі, якая кажа: Андрэю, у любой другой краіне на захад ад Гродна мы з табой будзем жыць лепей.

Довад, што гэта адзіная краіна, дзе мы можам гаварыць па-беларуску і дзе нашы дзеці гадуюцца беларусамі, пакуль пераважвае. Але і крыўда за змарнаваны час, сапсаваныя нервы застаецца.

Кожны раз пры сутыкненні з гэтымі будаўнікамі і іншымі сантэхнікамі мне здаецца, што па справядлівасці іх трэ было б страляць як пры Сталіну. Хоць разумею, што гэта не выйсце.

Стварэнне прыватных ЖЭСаў, разузбуйненне будтрэстаў — гэта ўсё вырашэнні далёкія, структурныя.

Я бачу, аднак, адзін досыць просты спосаб навесці ў гэтай сферы парадак.

І не сталінскі, а еўрапейскі.

У сферы будаўніцтва і ЖКГ трэба ўвесці незалежную — менавіта што незалежную — інспекцыю якасці працы і даць ёй паўнамоцтвы на вялізныя штрафы. Паявіліся ямы на дарозе, якую ты рамантаваў? Асабіста заплаці тысячу баксаў. Цячэ дах, які ты паставіў? Выкладзі трыццаць мільёнаў. Зафіксаваны твой выклік у кнізе заказаў ЖЭСа, а праз месяц ізноў пацёк кран? Заплаці пяць мільёнаў.

Вось тады яны пачнуць чухаць патыліцу. Дэфіцыту кадраў не будзе — гэтыя прафесіі зарабляюць цяпер столькі, што ўсе яны будуць трымацца зубамі за свае заробкі. Ведаю, пра што кажу: маю і сваякоў-будаўнікоў, дый здольны разлічыць, колькі зарабляюць кадры, якіх сам наймаў, пры існых расцэнках на будаўнічыя і камунальныя працы. Любы кладачнік­пэтэвэшнік на прыватных халтурах зарабляе сёння ўтрая больш, чым дыпламаваны хірург. І любы сантэхнік ЖЭСа спачатку паспрабуе раскруціць цябе на грошы і прапануе «разлічыцца на месцы». А ўжо што робіцца ў арганізацыях, якія валодаюць будтэхнікай… Там цэлыя ланцужкі для працы «налева».

Навялі парадак у таксістаў, у прыёмных камісіях і пашпартных сталах. Трэба ўправа і на цяперашніх незаслужаных каралёў жыцця — камунальнікаў і будаўнікоў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)