Политика
Анастасія Зелянкова

Брата Сіўчыка абвінавачваюць у супраціўленні міліцыі

Пасля 15 дзён утрымання ў следчым ізалятары Кастусю Лукашову, брату палітыка Вячаслава Сіўчыка, нарэшце прад’яўлена абвінавачанне. Яму інкрымінуецца супраціўленне работнікам міліцыі. Адвакат затрыманага лічыць дзеянні праваахоўных органаў незаконнымі — сёння ён накіраваў скаргу на імя начальніка СІЗА з патрабаваннем тэрмінова вызваліць Лукашова.

Грамадскі актывіст знаходзіцца за кратамі з 19 снежня. Мяркуецца, што падставай стала нібыта ягонае спрыянне Вячаславу Сіўчыку ў сакавіку, калі палітыка спрабавалі затрымаць невядомыя людзі ў цывільным. Але арыштаваны Лукашоў быў толькі праз дзевяць месяцаў.

Нягледзячы на 10-дзённы тэрмін, прадугледжаны законам для прад’яўлення абвінавачання, ён толькі сёння першы раз пабачыўся са следчым і змог даведацца пра прычыну свайго затрымання і знаходжання ў СІЗА. Па словах яго брата Вячаслава Сіўчыка, Лукашоў адмовіўся даваць паказанні, паколькі лічыць сябе абсалютна невінаватым.

— Гэта поўнае прававое беззаконне, — пракаменціраваў “Салідарнасці” гэтую сітуацыю Вячаслаў Сіўчык. — Мой брат не чыніў ніякіх дзеянняў, якія б маглі стаць прычынай яго арышту. Больш таго ўлада плюе на законы і тады, калі чалавек ужо за кратамі — абвінавачанне, якое мусіла быць прад’яўлена ў дзесяцідзённы тэрмін, яму агучылі толькі на 15-я суткі. Самае горшае, што наша грамадства ўжо звыклася з такой сітуацыяй і падобныя рэчы не здольны выклікаць адпаведнага абурэння.

Адвакат Кастуся Лукашова накіраваў скаргу на імя начальніка СІЗА, дзе ўказаў на парушэнні пры арышце і ўтрыманні яго падабароннага. Гэта ўжо чацвёртая скарга адваката — першыя тры ў пракуратуру засталіся без увагі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)