Общество
Сямён Печанко

«Брацкія магілы паабяцалі ўпарадкаваць, а пра памятны знак партызанскаму камандзіру будуць думаць»

Герой публікацый «Салідарнасці» з Карэліч Аляксандр Самец праехаў з намеснікам райвыканкама па мясцінах, апісаных у нашых рэпартажах.

Праз некалькі дзён пасля публікацыі «Салідарнасці» пра вынікі пошукаў магілы партызанскага камандзіра ў Карэліцкім раёне герой артыкула Аляксандр Самец наведаў мясцовы райвыканкам. Там ён завітаў да намесніка старшыні па пытаннях сацыяльнай сферы і ідэалагічнай працы Руслана Абрамчыка.

— Я прапанаваў яму наведаць мясціны, пра якія ідзе гаворка ў артыкуле. У выніку мы з’ездзілі да месца, дзе пахаваны камандзір Семянцоў, да габрэйскіх мемарыялаў — ярэміцкага і таго, што ў Турцы. Таксама я паказаў дзве магілы партызанаў Пурыка і Коваля, — расказаў Аляксандр Самец «Салідарнасці».

Па яго словах, намеснік старшыні райвыканкама паабяцаў, што месцы масавых пахаванняў упарадкуюць у самы бліжэйшы час. Наконт магілаў партызанаў будуць думаць. А на месцы меркаванага пахавання партызанскага камандзіра Дзмітрыя Семянцова да 9 мая наступнага года можа з’явіцца памятны знак.

Яшчэ колькі дзён таму на былым музеі героя СССР Уладзіміра Царука віселі шыльды

— Апроч таго, з будынка былога музея героя СССР Царука нарэшце знялі шыльды, — расказаў жыхар Карэлічаў.

Аляксандр Самец запэўніў, што будзе сачыць за развіццём падзей.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)