Больш за трох не збірацца
Беларускім краязнаўцам не дазволілі аб’яднацца ў сваю арганізацыю. Міністэрства юстыцыі не зарэгістравала рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Беларускае краязнаўчае таварыства», спаслаўшыся на рашэнне Рэспубліканскай камісіі па рэгістрацыі і перарэгістрацыі грамадскіх арганізацый і не патлумачыўшы прычынаў адмовы.
Устаноўчы з’езд грамадскага аб’яднання краязнаўцаў прайшоў у
Мінску ў сакавіку мінулага года. На ім прысутнічалі больш за сотню дэлегатаў.
Кіраўніком абралі былога міністра інфармацыі і дыпламата Анатоля Бутэвіча.
Аднак спадзяванні на тое, што колішнія заслугі спадара Бутэвіча паспрыяюць
легалізацыі арганізацыі і нават атрыманню дзяржаўнай дапамогі, не спраўдзіліся.
Хоць, па словах паэта і перакладчыка Анатоля Бутэвіча, падчас падачы на рэгістрацыю
патрэбных дакументаў “ніводны радок не выклікаў нараканняў з боку чыноўнікаў”.
Краязнаўцы так і не дачакаліся ад чыноўнікаў тлумачэнняў.
Але ўдакладняць падрабязнасці, выкарыстоўваючы свае сувязі ў дзяржаўных
структурах, Анатоль Бутэвіч не збіраецца.
— Гэта супраць закону. Да таго ж, здабытую такім чынам
інфармацыю, усё роўна нельга лічыць афіцыйнай, — паведаміў спадар Бутэвіч
“Салідарнасці”.
Цікава, што ў абласных і нават раённых цэнтрах, дзе
краязнаўцаў набярэцца не больш за трох чалавек, існуюць мясцовыя арганізацыі.
Нядаўняе рашэнне Мінюста пазбаўляе іх магчымасці абменьвацца інфармацыяй і
праводзіць больш грунтоўныя даследаванні па гісторыі роднага краю. Між тым,
аб’яднанне намаганняў краязнаўцаў усёй краіны паспрыяла б стварэнню прывабнага
для замежных турыстаў нацыянальнага турыстычнага прадукта, пра што ішла размова
на нядаўняй калегіі Міністэрства спорта і турызма. Пакуль жа, па словах
намесніка міністра Чэслава Шульгі, толькі 40 працэнтаў беларускіх
дастапомнасцей “маюць сваю легенду”.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное