Общество

Больш за 130 асобаў узнагародзяць мэдалём да стагодзьдзя БНР. Фотафакт

Рада Беларускае народнае рэспублікі абвясціла пра ўзнагароджаньне мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Як паведамляе radabnr.org, мэдаль уручаецца за пажыцьцёвыя заслугі ў працы дзеля зьдзяйсьненьня ідэалаў Акту 25 сакавіка 1918 г., у тым ліку за дасьледваньні і папулярызацыю беларушчыны, здабыцьцё і ўмацаваньне дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі.

Мэдаль уручаецца:

– асобам, якія адзначыліся на ніве змаганьня за волю і незалежнасьць Беларусі,

– выбітным грамадзкім і культурніцкім дзеячам у Беларусі і сярод беларускага замежжа,

– замежнікам, якія спрычыніліся да дасьледваньняў і папулярызацыі Беларусі ў сьвеце, а таксама іншым чынам спрыялі нацыянальным інтарэсам Беларусі.

Сярод узнагароджаных – першы амбасадар ЗША ў Беларусі Дэвід Сўорц і амбасадар Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан; палітыкі і грамадзкія дзеячы; вэтэраны беларускага незалежніцкага руху і палітычныя вязьні; дасьледчыкі Джым Дынглі, Арнольд Макмілін, Адам Мальдзіс; акадэмік Радзім Гарэцкі; пісьменьнік Уладзімер Арлоў; стваральнікі эталёну дзяржаўнага гербу “Пагоня” Аляксей Марачкін і Леў Талбузін; і многія іншыя.

Агулам узнагароджаныя больш за 130 асобаў зь Беларусі і замежжа.

Уручэньне ўзнагародаў адбудзецца на працягу 2019 года.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)