Общество
Eolonir

Больш увагі да блёгасфэры: агульныя тэндэнцыі ліпеня

На Захадзе такая рэч, як дасьледаваньне кадравымі службамі блёгаў кандыдатаў на працу або апытаньні пра палітычныя падзеі наведвальнікаў самых вялікіх суполак сталіся звычайнай рэччу. Амэрыканцы тут на галаву апярэджваюць увесь астатні сьвет: на першых дэбатах кандыдытаў у прэзыдэнты ад Дэмакратычнае партыі пытаньні задаваліся не публікай у залі, а карыстальнікамі вядомага відэапарталу.

Вядучыя вылучылі па 70 найбольш цікавых пытаньняў, дасланых карыстальнікамі парталу YouTube, і трансьлявалі проста ў залі дэбатаў, пасьля чаго кандыдаты мусілі адказаць на іх. Натуральна, што пасьля такога прыкладаньня аднойчы забаўляльнага парталу ў палітычных тэхналёгіях попыт на відэаапытанкі толькі вырас. Зь лёгкай рукі Барака Абамы, сэнатара ад Ілінойса, кожны сябра Кангрэсу ЗША стаў выкарыстоўваць YouTube для простай сувязі з выбарцамі.

Пра блёгі я нават ня згадваю — у палітычным жыцьці ЗША яны фігуруюць ужо вельмі даўно. Прынамсі, у кожнага сэнатара ёсьць блёг (толькі мала хто зь іх сам яго вядзе), а сёлетні сэнатар ад штата Юта нават паставіў на сваім сайце сыстэму, якая дае магчымасьць людзям абмяркоўваць пытаньні заканадаўства ў іх штаце, якія сэнатар пасьля прапануе да абмеркаваньня ў парлямэнту.

У нас, натуральна, абсяг ня той, але пэўныя тэндэнцыі адпаведныя сусьветным прасочваецца. Асабліва відавочным гэта сталася менавіта ў апошні месяц.

Некалькі дзён таму свой дзёньнік стварыў Лявон Вольскі. Меней чым за два дні ў яго з’явілася больш за 200 чытачоў, і гэта пры адным запісу! Што зноўку сьведчыць пра тое, што публіцы не хапае традыцыйнае інфармацыі, якую прапануюць анляйн выданьні, і ў якасьці дадатку (не замены, як шмат хто лякаецца, а менавіта дадатку) яна прагне гісторый, якія пішуць вядомыя людзі самі.

Зашкальвае гэнэруемы беларусамі трафік на YouTube. І гэта пры тым, што прагляд аднаго роліку там можа каштаваць ад 0,5 да 2 даляраў, у залежнасьці ад тарыфнага пляну ADSL.

Анлайн выданьні пачалі больш актыўна мяняцца кантэнтам з блёгасфэрай. Да гэтае тэндэнцыі далучылася некалькі дзён таму й “Наша Ніва”, якая стала выкарыстоўваць арыткулы, напісаныя некаторымі блёгерамі, у якасьці асноўных загалоўкаў, а не ў асобнае калёнцы, як раней. Сваю блёгерскую сістэму стварыў і TUT.by (у прыватнасьці, вялікую цікавасьць прыцягнуў блёг Зісэра, але такое адчуваньне, што апошні проста кіраваўся модай). У цэлым пра яе пасьпяховасьць пакуль што казаць рана. Сталі з’яўляцца блёгі вядомых людзей. На жаль, не ад афіцыйнае палітыкі.

Гэта адметна. Па-першае, не ўсе ў нашым урадзе й “парлямэнце” такія старыя, каб не засвойтаць кампутар. Па-другое, вось падавалася б, табе прапанавалі ідэальную аўдыторыю да абмеркаваньня — бяры і карыстайся. Але нашыя афіцыйныя прадстаўнікі ня звыклыя да “тэрыторыі свабоды”, дзе дэбаты можна весьці вольна й без абмежаваньняў. Хутчэй за ўсё пры існуючым рэжыме “афіцыйныя” блёгі наўрад ці з’явяцца. Ня будзе жаданьня Лукашэнку рабіць такую рэкляму медыа, якія ён настолькі ўпарта ігнаруе. Тым больш што большасьць карыстальнікаў Сеціва — гэта людзі да 30 год, статыстычна высокі адсотак праціўнікаў існуючага рэжыму.

У Беларусі ўжо з’явілася інтэрнэт-выданьне, заснаванае на навінах зь блёгасфэры — news2.by. У будучыні можна чакаць з’яўленьня й наступных праектаў, няхай нават і ў супольніцтве з расейскімі блёгерамі, бо там памер рынку большы. У любым выпадку, тэндэнцыі кіраваньня сусьветнымі трэндамі ёсьць, і гэта ня можа ня ўсьцешваць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)