БНФ і «Гавары праўду!» рыхтуюцца да прэзідэнцкай кампаніі
Чым зоймуцца БНФ і «Гавары праўду!» пасля парламенцкіх выбараў –– у экспрэс-каментарах «Салідарнасці» распавялі Аляксей Янукевіч і Уладзімір Някляеў.
Пасля выбараў ні кандыдаты ад БНФ, ні старшыня партыі Янукевіч у адпачынак пакуль не збіраюцца. Вакацыі ў іх запланаваныя на Каляды.
–– Восень –– гэта актыўны палітычны сезон. Цягам 2-3 тыдняў будзем аналізаваць вынікі гэтай кампаніі, каб зразумець, што ў нас атрымалася добра, а што патрабуе паляпшэння, –– адзначыў Аляксей Янукевіч.
У планах БНФ –– працяг тых кампаній, якія ўжо пачаліся ў гэтым годзе.
–– Гэта кампанія за празрыстую прыватызацыю і супраць продажу беларускіх прадпрыемстваў расейскім кампаніям. Тэма застаецца вельмі актуальнай. У нас ёсць улёткі, якія мы будзем распаўсюджваць, а таксама прадумваем некалькі зваротаў як у беларускія органы дзяржаўнай улады, так і ў міжнародныя структуры. Таксама запланаваныя праекты за сямейныя каштоўнасці і мацярынскі капітал, кампанія супраць карупцыі.
Безумоўна, будзем праводзіць перамовы з іншымі партыямі і рухамі па вылучэнні адзінага кандыдата на прэзідэнцкі пост у 2015 годзе.
Лідэр кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў і ягоныя паплечнікі як да выбараў, так і пасля займаюцца працай з насельніцтвам і рыхтуюцца да наступных–– прэзідэнцкіх выбараў.
–– Палітыка –– гэта праца з людзьмі, гэта спроба данесці да іх свае перакананні і згарнуць яго на свой бок. Ніякіх іншых інструментаў нямашака, ––лічыць Някляеў.
Са слоў палітыка, падчас парламенцкай кампаніі шэрагі «Гавары праўду!» папоўніліся новымі актывістамі, пераважна з рэгіёнаў.
–– Раней там была пустэча. Зараз сярод тых кандыдатаў у дэпутаты, якіх мы падтрымлівалі, выявіліся лідэры. Ёсць з кім працаваць. І можа як раз з тых, хто вызначыўся актыўнай працай на гэтых выбарах, вылучыцца чалавек, якога мы падтрымаем на выбарах у 2015 годзе, –– мяркуе Някляеў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное