БНФ дапаможа павысіць нараджальнасць, а Някляеў — перамагчы на чэмпіянаце свету па хакеi
Лідары палітычных партый і кампаній падзяліліся з «Cалідарнасцю» планамі на новы год.

– Пакуль гавораць пра тое, як адмяніць правядзенне ў Мінску чэмпіянату свету па хакеi, мы ставім задачу ўзмацніць нашу каманду – каманду дэмакратычнай Беларусі, каб перамагчы на гэтым чэмпіянаце, – распавёў Уладзімір Някляеў.
Дзеля гэтага палітык і кампанія «Гавары праўду!» працягнуць працу ў рэгіёнах, бо Мінск – гэта не ўся Беларусь, і менавіта дзякуючы сустрэчам у правінцыі, на думку Някляева, ён як кандыдат у прэзідэнты займеў найбольшую колькасць прыхільнікаў.
– Будзем пашыраць дзейнасць грамадскіх прыёмных, дапамагаць людзям вырашаць іх надзённыя праблемы, даносіць да іх тое, што адбываецца ў краіне, – дадаў Уладзімір Някляеў.

Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч найважнейшай задачай на гэты год лічыць абарону незалежнасці краіны і недапушчэнне таго, каб Беларусь знікла ў Еўразійскім саюзе.
– Мы плануем праводзіць шырокую кампанію дзеля таго, каб людзі разумелі небеспеку, якая сыходзіць ад гэтага ўтварэння, і тое, што яно супярэчыць найперш нацыянальным інтарэсам.
Акрамя таго, на сёння актуальная праблема вымірання нацыі, таму мы запланавалі правядзенне кампаніі па дэмаграфічнай бяспецы, каб прыцягнуць увагу дзяржаўных органаў і грамадскасці да гэтай тэмы. Мы лічым, што у Беларусі неабходна значна больш сур’ёзнае стымуляванне нараджальнасці. І ў нас ёсць канкрэтныя прапановы, за кошт якіх сродкаў дзяржава можа дапамагчы матулям.
– Як яна называецца, гэтая ваша праграма?
– Пакуль яна мае працоўную назву «За стварэнне фонду мацярынскага капіталу».
– А чаму б вам не назваць больш крэатыўна, напрыклад: «Нарадзі прэзідэнта»
– Можа быць, але новы прэзідэнт ужо народжаны, – усміхнуўся Янукевіч.
Але не толькі дэмаграфічныя праблемы хвалююць партыйцаў. Таксама БНФ збіраецца абараняць правы жыхароў сельскай мясцовасці.
– Нас вельмі турбуе тое, як адбываецца прыватызацыя ў сельскай гаспадарцы, калі калгасы пераўтвараюцца ў акцыянерныя таварыствы, – растлумачыў суразмоўца. – Фармальна гэта адбываецца са згоды працаўнікоў, але на практыцы атрымліваецца, што людзі, самі таго не ўсведамляючы, адмаўляюцца ад права на калгасную маёмасць. І гэтую кампанію, скіраваную на абарону правоў сялян, мы, безумоўна, будзем праводзіць.

Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін паведаміў, што ў 2012-ым АГП збіраецца праводзіць кампанію «7 крокаў насустрач выбаршчыку».
У межах гэтай кампаніі будуць распрацаваны сем тэмаў, якія хвалююць беларусаў, і кожная з іх выльецца ў асобны праект з удзелам экспертаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.
Па словах Марголіна, застаецца адкрытым пытанне аб форме ўдзелу ў выбарчай кампаніі.
– Ці арганізуем актыўнага байкоту, ці непасрэдна возьмем удзелу ў ёй – пакуль не вырашана.

Адзін з кіраўнікоў «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» Віталь Рымашэўскі мяркуе, што галоўная задача арганізацыі ў новым годзе – дамогчыся свабоды палітвязням.
– Палітвязняў могуць вызваліць цвердая пазіцыя ў дачыненні да Беларусі з боку дэмакратычных краін свету, у тым ліку санкцыі. На гэтую пазіцыю ўплываюць таксама салідарнасць, якую праяўляюць беларускія палітыкі.
На думку Рымашэўскага, гэты год будзе вельмі істотным для палітычных змен у Беларусі, і таму вельмі важна партыям і рухам правесці супольную кампанію на парламенцкія выбары.
– Я лічу, што найбольш верагодны байкот выбараў, – адзначыў палітык.
Читайте еще
Избранное