Политика
Анастасія Зелянкова

БНФ абвесціць байкот Кангрэсу?

Прадстаўнікі гродзенскай арганізацыі Партыі БНФ не выключаюць байкоту Кангрэса дэмакратычных сіл. Пра гэта заявіў член Сойма партыі, лідэр пярвічнай арганізацыі незалежнага прафсаюза работнікаў “Гродна-Азот” Сяргей Антусевіч.

— Гэта адбудзецца ў тым выпадку, калі тыя, хто прадставіў у камісію падробленыя подпісы, будуць зарэгістраваныя дэлегатамі на Кангрэс, — патлумачыў “Салідранасці” сваю пазіцыю Сяргей Антусевіч. — Рэгіянальная камісія назіралькаў Аб’яднаных дэмакратычных сіл выявіла шматлікую колькасць фальшывых подпісаў. Быў выпадак, калі адзін і той жа чалавек за адзін дзень сабраў 160 подпісаў у розных канцах горада, што фізічна немагчыма. Я ведаю, што падобная сітуацыя адбываецца не толькі ў нас. Калі такія людзі будуць зарэгістраваныя дэлегатамі, я не бачу мэтазгоднасці ўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве. Бо чым у гэтым выпадку мы будзем адрознівацца ад таго рэжыму, які ўвесь час крытыкуем, гаворачы пра фальсіфікацыі?

Як паведаміў БелаПАН кіраўнік Гродзенскай рэгіянальнай камісіі назіральнікаў Яўген Лясоцкі, з 49 чалавек, якія выказалі жаданне стаць дэлегатамі кангрэса, подпісы як мінімум 10 вылучэнцаў выклікаюць падазрэнні ў членаў камісіі. На сённяшні дзень ў Гродзенскай вобласці працэдуру праверкі прайшоў 31 прэтэндэнт: 17 — ад Партыі БНФ і грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне”, чатыры — ад руху “За Свабоду”, па пяць ад АГП і ПКБ.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)