Eolonir
Блёгі і вандалы

Памятаеце гісторыю пра эгіпэцкага блёгера, які быў пакараны 5 гадамі зняволеньня за свае пасты, што “падрывалі дзяржаўнае апірышча краіны”? У нас такога няма — дзяржава фінансава значна слабейшая, чым той Эгіпэт, і не можа дазволіць сабе займацца масавымі адсочваньнямі ды дывановымі вырубаньнямі Сеціва. Але ў дзяржаўных структурах за блёгінг могуць пакараць.

Мітрапаліт Філарэт выціснуў аднаго са сьвятароў “за штат” да пакаяньню за “выказваньні”, што пярэчаць афіцыйнай пазыцыі праваслаўнае царквы, а таксама за вядзеньне ўласнага блёгу на Нэце, піша Гарадзенскі Гарадзкі Блёг. Афіцыйная аргумэнтацыя не нагадваецца, але зьмесьціва блёгу — на гострыя царкоўна-палітычныя тэмы — гаворыць само за сябе.

На тле “пераможнае” рыторыкі Лукашэнкі няцяжка зразумець, чаму лаяльны да яго Філярэт паставіўся да сьвятара як да злачынцы. Калі ўсе кінуцца пісаць у блёгах наконт сваіх перакананьняў, то атрымаецца, што Філярэт здраджвае сваёй лаяльнасьцю да Лукашэнкі царкве, якая пацярпела ад камунізму як ніхто іншы. Праваслаўная царква як інстытуцыя ніколі не дазваляла сваім адэптам дэманстраваць незалежнасьць. Нават сідушак у храмах няма.

Я чакаў, што блёгасфэра неяк адгукнецца на акцыю моладзі супраць скасаваньня ільготаў, якая была разагнаная міліцыянтамі ля вуліцы Якуба Коласа. Атрымалася інакш. Ніхто, акрамя блёгера ant1killer не згадаў акцыю. Дарэчы, мае яму віншаваньні — ён здолеў адладзіць прыватную сістэму анлайн-рэпартажу. Падчас больш-меньш значных палітычных падзеяў шмат блёгераў дамаўляюцца са сваімі сябрамі, якія сядзяць бязвылазна ў Сеціве, каб тыя паставалі іх паведамленьні па мабільніку. Іншы варыянт — карыстацца мабільным блёгінгам на moblog.kiev.uaён перадугледжвае аўтаматычную трансляцыю на ЖЖ.

За дзень да акцыі супраць скасаваньня ільготаў у Сеціва прайшла на яе конт вялікая дыскусія. Першая выснова, якую я зрабіў: шмат карыстальнікаў байнэта проста ня ведаюць пра гэтае скасаваньне, як, дарэчы, і большасьць гарадзенцаў наконт плянаў па разбурэньні Горадні аматарамі расейскага капіталу. Выснова другая, што сталася ўжо традыцыйнаю: на minsk_by стала крыху больш брыгаднікаў ці проста вандалаў, якія супярэчаць любой заяве. Калі заява дэмакратычная — яны стаюцца лукашыстамі, калі лукашысцкая — дэмакратамі. На такіх людзей проста ня варта зважаць ці ім адказваць. Іх мэта — захлудзіць дыскусію ды адвесьці яе ад прадмету.

Каля якіх будынкаў Менску нельга фатаграфавацца? Адказ тут. Усё пачалося з таго, як да аднаго блёгера, які сфотаў сваю дзяўчыну на фоне рэзідэнцыі Лукашэнкі. Да яго адразу падбег ахоўнік у цывільным і папрасіў прагледзець фоткі на камэры, пасьля чаго папытаў выдаліць пэўныя. Натуральна што на электронным носьбіце фоткі аднавіць можна, але ж ня ўсе гэтага ведаюць…

Тэма прыцягнула вялікую ўвагу блёгераў, але ж пэўны народ зноў навандаліў. Маўляў, а навошта вам там фатаграфавацца, і ўвогуле няма чаго фотык купляць, а калі купляць — то толькі з дазволу Адміністрацыі Найвялікшага Босу (амэн). Падобная рыторыка зыходзіла толькі ад двух “актывістаў”, аднак забівала ўсё, што толькі было магчыма. Таму, як я ўжо пазначаў, на такіх “брыгаднікаў лепей не зважаць” ды не даваць ім стравы для мазгоў.

Насамрэч, у Горадні зараз нашмат больш цікавага гэтымі днямі. Першы раз у гісторыі незалежнай Беларусі акцыя грамадзянскага непадпарадкаваньня мае ўсе шанцы на посьпех. Першы раз віртуальныя суполкі згуртавалі столькі народу для абароны цалкам рэчаісных будынкаў. Першы раз Сеціва згадваецца столькі разоў у друкаванай прэсе. І, нарэшце, першы раз распачынаецца збор подпісаў за рэферэндум — тое, што менукі зрабіць ня здолелі.

За апошнія некалькі дзён гарадзенскія блёгі забілі сваёй актыўнасьцю minsk_by. Найбольш стала трывае тэма правядзеньня гарадзкога рэфэрэндуму, варты моладзі наўкол раёна, дзе маецца адбыцца знос.

Гарадзенскі гарадзкі блёг піша, што “пры ўмове захаваньня выключна апалітычнага характару акцыі па абароне старой Горадні маюць усе шанцы на посьпех”. Так яно й ёсьць. Апошнімі днямі стала ўжо bonton'ам лаяць афіцыйную апазыцыю, якая толькі й займаецца кангрэсамі ды грантасьцяжальніцтвам. Адасобіцца ад яе заклікаюць усе, сьведчаньнем чаму й стаў Маніфэст моладзі, што з’явіўся на Трэцім Шляху напярэдадні Дню Перамогі, але ж не прыцягнуў асаблівае ўвагі блёгасфэры.

Але пры ўсім адмоўным стаўленьні блёгераў да маніфэстаў стаецца зразумелым, што паводзіны трэба мяняць. За апошні год пасьля прэзыдэнцкіх “выбараў” паўстала новая сіла — моладзь. Моладзь, якая здольная самазарганізавацца без таго, каб за ёй стаялі нейкія вялікія дзядзькі з “досьведам вялікае палітыкі”. Гэта моладзь не вырашае глябальных задачаў — яна засяроджваецца на абароне Горадні, вывешвае сьцягі на дахах будынкаў. Мала? Магчыма, але гэтыя задачы выканальныя. Ніводная ж з глябальных задач, што паставіла перад сабою афіцыйная апазыцыя, не была выкананай, што й прывяло да існуючае крызы даверу.

Арганізатар гарадзкога рэфэрэндуму Павал Мажэйка вызнае, што большасьць гарадзенцаў і ня чулі наконт плянаў па перабудове Горадні. Ён прыводзіць лічбу ў 55 адсоткаў. Усё ж такі блёгі — гэта добра, але збор подпісаў пад рэфэрэндумам можа стацца значна лепшым спосабам распаўсюджваньня інфармацыі. Тым больш што большасьць гарадзенцаў супраць разбурэньня Горадні — толькі калі яны даведваюцца пра пляны ўладаў па разбурэньні.

17 траўня ў Горадні адбыўся флэшмоб супраць вырубкі дрэваў. Па тым, як калгасанскае кіраўніцтва жадае “рэстаўраваць” Стары Горад, можна ўявіць, які падыход будзе дамінаваць і ў астатніх рапараваньнях: сьсечаныя дрэвы, цагляная аднастайная плытка, якая правальваецца калюжынамі кожныя дзесяць мэтраў, кічовая архітэктура (узгадайце вуліцу Леніна ў Менску). А вось як мэрыя зрэагавала на супраціў бэнзапілам:

— Чего вы тут стоите?!

— А я что не могу здесь стоять?! Ну если хотите, я и сесть тут могу. Теперь все в порядке?!

— Ну вот посмотрите, как девушка одета…

— А как я одета?

— Вот это что? Зачем это вам?— показывает на листики, пришитые к моей кофте.
— Это листики. Сейчас же лето. Так хочется яркости, — улыбаюсь.

Сьмешна. Дарослыя дзядзькі, а палохаюцца лістоты. Яны, мабыць, не тое каб надта супраць акцыяў — проста крыўдзяцца, што іх не спыталі. Эх, кепская пайшла моладзь, дазволаў на зборы на дзень народзінаў у бацькоў не пытаецца. А як пісаў адзін “настаяшчый саветскій лейценант — асвабадзіцель Вільнюса 1939 году” (ух, запатнеў выпісваць фармулёўку, вялікі дзякуй Сяргею Пясецкаму), хто не падпарадкоўваецца чужое ўладзе, той і сваёй непадпарадкуецца. Карацей, навучым мы вас дэмакратыі. Подпіс — АМАП.

Вельмі раю фотарэпартаж з 19 траўня з Горадні. І ў рэшце рэшт запрацаваў інфармацыйны рэсурс “Ратуйма Горадню”. Пакуль кантэнтнае зьмесьціва так сабе, але спадзяюся, што будуць і фотарэпартажы і ўсё іншае.

Зноў узьнялася тэма “рэканструкцыі” Віцебску. “Афіцыйна прыпыненыя да 21 траўня ( да прыезду археолагаў) земляныя працы на плошчы Свабоды ў Віцебску ўзнавіліся сёньня позна ўвечары пад пакровам цемры. Зараз адмысловая тэхніка здымае пласт асфальту, каб потым выкапаць другую яміну. Заўважу шчэ раз, працы праводзяцца зараз, уначы. Працоўныя хаваюцца ад фотаапарату. Адзін зь іх пракаментаваў тое, што адбываецца: "Мы за ночь ваш фундамент собора разрушим и построим новый”.

Нажаль, віцебчукі ня ёсьць настолькі зарганізаванымі, як гарадзенцы. На тэму ніхто не зьвярнуў увагі… Без камэнтараў.

Priestal піша пра нацызм ды камунізм, пра іх агульную натуру, пра тое, што немцы напачатку вайны паводзілі сябе ў заходніх вобласьцях краіны зусім няблага: Цікавае стаўленьне было да розных акупантаў. Адыліж былі ня толькі немцы, а немцы розныя. Больш за ўсё баяліся “сваіх”. Маць клікала іх “уласаўцамі”, але верагодна далучала да іх і ўкраінскія вайсковыя фармаваньні. Вось яны лютавалі болей за ўсіх. Паскудна паводзілі сабе й эсэсаўцы. Вельмі непрыемна трымаліся вугорцы ды румыны. Найзацішнейшымі за ўсіх былі чыста вайсковыя нямецкія фармаваньні. Немец, што кватэраваў у маёй маці, дзяліўся зь ёю сваім пайком, паказваў фота сям’і ды ўвогуле паводзіўся досыць культурна. Часьцяком, здаралася, маркотна пытаў: “Матка, чаму вайна?".

Я памятаю, як мая бабця распісвала: “Удзень прыйдуць немцы — ім дай малака, а ўначы — партызаны. Тым аддай карову. А войкнеш — маглі й да адрыны паставіць”…

Увогуле, блёг Priestal ёсьць самым цікавым блёгам з тых, што з’явіліся ў Сеціве апошнім часам.

P.S. У рэшце рэшт у сеціўную прастору перайшоў і Малады Фронт. Суполка месьціцца тут.
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)