Общество
Eolonir

Блёгасфэра: шмат пра Венэсуэлу, мала пра Расею

Падобна, што навіны з Венэсуэлы ў нас зараз будуць ведаць лепей за рэгіянальныя. Страта спадаром Чавэсам рэферэндуму выклікала калі не завіруху, то добры ўсплеск абмеркаваньняў у блёгасфэры. Праўда, яны збольшага абмяжоўваліся канстатацыяй самога факту (такі страціў, да!). Але былі й фразы, што Чавес, нягледзячы на афіцыйны разрыў у нейкі адзін адсотак усё-ткі сваю паразу вызнаў.

Знакавым падаецца тое, што беларусы пачынаюць так пільна сачыць за падзеямі ў краіне (12 постаў з пахвалой на адрэсу Уга), зь якой нас спалучае пералёт у амаль 2500 даляраў у два бакі й адсутнасьць (заплянаваная) візавага рэжыму. Ну нехта яшчэ памятае, што дзесьці побач пасьвіўся Чэ. Але, падаецца, мы пачынаем паглядаць туды як на надзею. Бо надзеі на сваім кантынэнце замала. А беларусам і ўвогуле ўласьціва шукаць яе далёка.

Храналёгія расейскіх выбараў выкладзеная тут. Але мяркую, што настрой блёгасфэры лепей за ўсё адлюстроўвае пост спадара czalex, які напісаў, што аніводны таталітарны рэжым ня ў стане перашкодзіць чалавеку годна жыць ды разьвівацца. У дэмакратычных краінах, піша блёгер, няма імкненьня абстрагавацца ад палітыкі, а вось у таталітарных — ёсьць, і чым болей жорсткім ёсьць рэжым, тым болей народу зьбягае ад яго ў сваю рэчаіснасьць.

Гэтым разам расейскія выбары абмяркоўвалі ў беларускім ЖЖ вельмі й вельмі мала. Народ збольшага абмежаваўся агульнымі камэнтарамі ў стылі “як мы й ведалі”. Падобна, што блёгеры нарэшце перапынілі паглядаць на Расею як на краіну, ад якой цалкам і толькі залежыць лёс Беларусі. Адначасова з тым навіны з рэфэрэндуму (ня выбараў нават, рэфэрэндуму!!!) занялі пачэснае першае “палітычнае” месца. Здавалася б, каму якая справа да Венэсуэлы. А вось зараз апынулася, што ёсьць.

Так што калі адна расейская блёгерка абурылася на тое, што беларусам замінае “целиком российское слово” «Белоруссия», і параіла краінам СНД меней пазіраць на Расею, яна нават ня ведала, як хутка яе жаданьне споўніцца.

Прыкметаю “нармальнасьці” стану падзеяў у краіне з’яўляецца размаітасьць блёгаў: нехта піша пра котачак, а нехта — пра палітыку. Але пра апошнюю піша ня большасьць, а абсалютная меншасьць. Беларуская й украінская блёгасфэры на дадзены момант з’яўляюцца самымі палітызаванымі ў нашым рэгіёне. А сярод блёгераў, якія найбольш актыўна й інтэрактыўна асьвятляюць падзеі ў краінах — суседзях Беларусі, варта адзначыць watcher-interio. Гэты блёгер ад моманту з’яўленьня свайго ЖЖ сачыў за ўсімі выбарамі ў навакольлі ды апэратыўна выкладаў апдэйты для тых, у каго няма часу лазіць па Сеціве. Так што, карыстайцеся!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)