Общество
Eolonir

Блёгасфэра шкадуе пра Павароцьці і сьмяецца з Лукашэнкі

Усе дыктатары будавалі й будавацьмуць сабе помнікі. Для фараонаў то былі піраміды, для Нэрона – спалены Рым, для Гітлера – мільёны зьнішчаных габрэяў, для Сталіна – “Великая Россия”. Нішто не лякае іх болей, чым забыцьцё пасьля сьмерці. Фізычная сьмерць для любога зь іх была толькі перашкодай, якой нельга было пазьбегчы. Сапраўды невыноснай была б думка, што іх не будуць згадваць пасьля сьмерці. Ці яшчэ горай – будуць сьмяяцца. Памятаеце справу “Мультклюбу”?

У Амэрыцы вывучэньне кнігі Кокса “Вандроўкі Польшчаю й Літвой” лічыцца абавязковым для студэнтаў, чый факультэт хаця здалеч датычыць усходняе Эўропы. У нас пра яе ведаюць адзінкі.

Беларускі рэжым – гэта дзіцячае падабенства дыктатураў дваццатага стагодзьдзя. Гітлер, якога Лукашэнка неаднакроць цытаваў, мог дазволіць сабе ўсё не толькі таму, што адчуваў абсалютную ўладу, але й таму, што не было магчымасьці даведацца, што насамрэч адбывалася ў жыдоўскіх гета. Зьнішчэньне жыдоў сталася здабыткам сьвету напоўніцу толькі пасьля паразы Нямеччыны. Анягож ніводны з канфліктаў сучаснасьці, нават дарфурскі, не набывае таго размаху, як войны мінулага стагодзьдзя: навіны праточваюцца лягчэй нават адтуль, дзе не тое што Сеціва – тэлефонаў няма.

Сёньня беларуская блёгасфэра камэнтуе дзьве рэчы: добрымі словамі ўзгадваюць Лючана Павароцьці і са шкадаваньнем (да чаго дайшло!) ці ўсьмешкай цытуе новы шклоўскі літаратурны наватвор пра ППРБ. Дзіўна: мы настальгуем па тым, што мы не стварылі. І сьмяемся над тым, што адбываецца ў нашае краіне. З майго, такія рэчы вартыя ня сьмеху, а крыўды: наколькі гэта будзе працягвацца. Колькі яшчэ мы будзем капіяваць ня вельмі цывілізаваны сусьвет і будаваць хмарачосы, якія дэмантуе Парыж.

Дзейсная ўлада імкнецца зрабіць зь Менску копію заходніх гарадоў, пры гэтым вынішчаючы яго гісторыю. У Нью-Ёрку няма старых будынкаў, але людзей цягне туды легенда. Прага прыцягвае Старым Местам. Менску бракуе й таго і іншага.

Дзейснаму прэзыдэнту ніколі не зразумець, што такія факты, як выпуск лісьлівых дыфірамбаў дзейснаму кіраўніку дзяржавы, ў лепшым выпадку выкліча ў цывілізаваным сьвеце няўцямную ўсьмешку, а ў горшым – сьмех пад сталом. Нямодна й правінцыйна, панове. Мы ж не давядзем тым, хто ніколі ня жыў у БеДарусі, што Шклоў не адбівае ўсёй беларускае мэнтальнасьці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)