Общество
Eolonir

Блёгасфэра пра выключэньне Івана Шылы

Павальная элекрыфікацыя — інтарнэтызацыя пачынае вяртацца бумэрангам да дзяржаўных установаў: на шматлікіх бачынах ды блёгах з’явіліся кантактныя каардынаты чыноўнікаў Салігорскае ўправы адукацыі ды настаўнікаў школы, дзе навучаўся Іван Шыла.

Нагадаю: моладзевага актывіста з Салігорску не дапусьцілі да апошняга іспыту на выпускны атэстат. Каб не дазволіць хлопцу ўвайсьці ў школу, яе атачылі кардонам зь міліцыянтаў. Невядома, хто даў такі загад, але на суполцы by_politics з’явіліся кантакты старшыні менскага абласнога выканаўчага камітэту ды кіраўніка ўправы адукацыі Салігорску разам з фотаздымкамі з афіцыйных сайтаў установаў, якія прадстаўляюць гэтыя людзі. Выкладзеныя таксама прозьвішчы кіраўніцтва Салігорскага гарвыканкаму, якое, сьмяецца kvartirant19, “ёсьць вельмі заклапочаным становішчам наўкола Івана Шылы ды хацела б ведаць стаўленьне людзей да выключэньня палітычна нядабранадзейных вучняў са школаў”.

А вось тут вядзецца абмеркаваньне ўчынка сп. Вольгі Сяньковай, дырэктара школы Шылы, якая ў знак пратэсту звольнілася з пасады. Яе ўчынак, піша head_of_babulka, у тысячы разоў болей годны за тое, што робіць апазыцыя. Таксама блёгеры прапануюць спасылку на старонку зь імёнамі ўсіх настаўнікаў школы нумар 4.

Нагадаю, што на пачатку 2000-х у Беларусі распачалася кампанія па стварэньні ўсім дзяржаўным установам вэб-бачыны. Нейкія болей дасканалыя, іншыя стартаваныя па прынцыпе “абы было”, але яны ўсе зьмяшчаюць інфармацыю пра службовых асобаў зь іх кантактамі ды фатаграфіямі. Вялікую дапамогу аказвае таксама сацыяльная сетка vkontakte.ru, дзе людзі выкладаюць часьцяком досыць неабачлівую інфармацыю пра сябе. Крыстаючыся адчыненым для любога карыстальніку сэрвісу “Пошук сяброў”, можна без праблемаў прачытаць той кавалак асабістае інфармацыі (прафайлу), што месьціцца ў адкрытым дасягу. А ў апошнім — амаль усё, уключаючы фотаздымкі. І гэтая адкрытасьць будзе толькі пашырацца з распаўсюдам Інтэрнэту.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)