Eolonir
Блёгасфэра пра тэлефон даверу ДАІ, пасыўных грамадзянаў ды спадара Міхалевіча

Асноўныя дыскусіі ў пятніцу разгортваліся навокал таго, што трэба, каб беларусы перапынілі сядзець ціхутка, пакуль менавіта іх катэгорыю не чапаюць, а выйшлі б на плошчу, каб падтрымаць тых, каго заціскаюць зараз. Улада закручвае шворку на шыі вельмі павольна, крок за крокам, кажа аўтар.

Яна не нахабнічае ў масавых сацыяльных наватворах, але метад паступовасьці выявіўся вельмі дзейсным.

Допіс аформлены ў выглядзе звароту да блёгераў, такі своеасаблівы заклік да дыскусыі. Калі на 11.00 раніцы колькасьць камэнтараў у ім сягнула 120, амаль не было аніводнага адказу ў звычайным для палітычных допісаў рэчышчы накшталт “Зноў гэтыя змагары высунуліся”. Наадварот, мела мейсца досыць цывілізаваная дыскусыя, у якой не пераважала чыёсьці асабістае меркаваньне. Камэнтатары падзяліліся на тры групы, зь якіх адна пераканана даводзіла, што аўтар мае рацыю й калі чакаць, то сыстэма перадушыць усіх адзін за адным. Некалькі чалавек лічылі, што на мітынгі хадзіць варта толькі тады, калі будуць высунутыя пэўныя патрабаваньні, а проста за так падстаўляцца пад дубцы АМАПу ня мае сэнсу. Трэцяя ж група лічыла, што нічога тыя мітынгі ня зьменяць.

Высновы ня ўсьцешваюць: кампрамісу па пытаньні, ці хадзіць ды рызыкаваць або сядзець ды самі ведаеце што рабіць няма. Але станоўчым ёсьць тое, што дыскусыя збольшага не пераўтварылася ў асабістую разборку. Падаецца, што блёгасфэра па пэўных пытаньнях набліжаецца да кампрамісу. І хаця міжвыборныя перыяды заўжды былі зацішлівымі ў інфармацыйным сэньсе, адсутнасьць імпэту кагосьці пераконваць заўважная.

Складаецца ўражаньне, што на вялікіх суполках беларускага ЖЖ трохі паменела тых, хто проста пасьвіўся там ад няма чаго рабіць або дзеля (віртуальных) спатканьняў. Аўдыторыя, што засталася, ужо разглядае ЖЖ як блёгавы рэсурс, а не як сацыяльную сетку. Мо таму камэнтары сталі меней напятымі, а дыскусыі — меней напружанымі.

На minsk.by абмяркоўваюць безсэнсоўнасьць тэлефона даверу ДАІ. Маўляў, аніводнае Вашае паведамленьне не пакінем па-за ўвагай і гэтак далей. Блёгер molchik апісвае выпадак, як інспэктар ДАІ, імкнучыся хутка мінуць пешаходны пераход, ледзьве не задавіў хлопца. Па тэлефоне даверу быў дадзены адказ, што адзінае, што можна зрабіць — гэта падаць скаргу на ймя кіраўніка ДАІ ГУУС і адказ прыйдзе ў дзесяцідзённы тэрмін. Адзін з камэнтатараў зазначыў, што зь яго досьведу, за такія правіннасьць максымум, што могуць зрабіць — гэта на разводзе паматляць пальцам пад носам ды сказаць “Ай-яй-яй, болей так не рабі”!

У ТОП Яндэкса зноў патрапіў беларускамоўны допіс — пра пазоў Міхалевіча да Саўбеліі. Гэта ўжо дзесяты выпадак за апошні месяц.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)