Общество
Eolonir

Блёгасфэра пра страйк у Францыі, беларускіх музыкаў і КДБ

Францыя паралізаваная страйкамі. Транспартныя камунікацыі між буйнымі гарадамі перарваныя, ня бегаюць цягнікі, не працуюць лётнішчы. Спыніліся прыгарадныя электрычкі, на шашах утварыліся буйныя заторы. І гэта ўсё ёсьць вынікам нежаданьня французаў разьвітвацца са сваімі льготамі ды прывілеямі, якія намагаецца скасаваць прэзыдэнт Нікаля Сарказі.

Сёлетні выпадак Францыі, зазначае беларускі блёгер czalex, гэта заканамерны вынік заляцаньняў да аднае катэгорыі насельніцтва, уласьцівы ўсім так званым сацыяльным дзяржавам. Урады Трэцяе, Чацьвётае, Пятае Рэспублікаў прыкладалі ўсе магчымыя высілкі, каб абараніць бясьпеку грамадзянаў краіны. А пра тое, што калісьці гэтае сацыяльнае бярэмя стане непад’ёмным цяжарам для эканомікі краіны, а аблашчаным пластам насельніцтва не закарціць проста так разьвітвацца з разьдзьмутымі сацыяльнымі гарантыямі, ніхто не меркаваў, бо тады гэта была справа надта аддаленай персьпектывы.. Французкі прыклад, мяркуе czalex, гэта добры знак Беларусі, якая магла б пазьбегнуць такіх памылак у будучым. Па словах блёгера, сацыяльная дзяржава шанцаў на існаваньне ня мае. Магчыма, Беларусі варта было б кіравацца прыкладам Польшчы ды Ўкраіны, дзе праз дыстанцыю ўлады большасьць насельніцтва не атаясамлівае свае посьпехі з намаганьнямі зьверху, а значыцца — і не вымагае залішніх сацыяльных гарантыяў.

У блёгасфэры актыўна абмяркоўваецца і “паход” беларускіх апазыцыйных музыкаў да Праляскоўскага. Частка блёгераў стае на іх бок, маўляў, на ганарары ад апазыцыйнасьці не пражывеш. Аднак найболей верагодна мы атрымайма такую ж рэакцыю, як і ў 2006 годзе, калі частка музыкаў пагадзілася граць на іншым боку барыкадаў, то бок на канцэртах “За Беларусь”. У выніку гэта спрычынілася іх абструкцыі.

Пытаньне ня ў тым, на якім баку граць. Ніхто не спрачаецца, што “на ганарары ад апазыцыйнасьці не пражывеш”. Але дамаўляцца можна толькі з тымі ўладамі, якія прынамсі пасьлядоўна прытрымліваюцца свайго слова. Беларускія ўлады ні за гэтым, ні за надзвычайнай беларускасьцю заўважаныя не былі. Зноўку выходзіць, што інтэлігенцыя павінна ісьці да калгасанаў у пагонах на паклон, чаго даўгі час не рабіла. Сардэчна запрашаем назад, у савок!

Дзяржаўная палітыка сталася сапраўднаю пасткай для беларускага Сеціва, піша infopolicy. У той час, як рост ва ўкраінскім сэктары Сеціва складае болей за 500 адсоткаў штогод, адпаведны беларускі паказчык выглядаў бы болей прыстойным у нейкае афрыканскае краіне. Нягледзячы на ўсе заявы наконт спрыяньня бізнэсу ды пасьлядоўных кроках па вывядзеньні ІТ-індустрыі зь ценю ў выглядзе будаваньня новага мястэчка з фанабэрыстай назвай “Сыліконавая Даліна” пад Менскам, нічога й ня думала рухацца.

Cnews назваў беларускі Сеціўны рынак адным з самых неспрыяльных для бізнэсу. Гэта ўжо другі адмоўны рэйтынг краіны за тыдзень – да таго нас залічылі ў ліст дзяржаў з найгоршымі падатковымі сыстэмамі. Хутка пра Беларусь усе будуць ведаць праз месьцейка напрыканцы глябальных рэйтынгаў.

Карцела без адмоўшчыны, але не атрымалася. Дык хаця б пасьмяемся зь яе: valery-brest-by працягвае сэрыю рэпартажаў пра КДБ ды МУС Берасьця.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)