Общество
Eolonir

Блёгасфэра пра страйк прадпрымальнікаў

“...А пятай я выйшаў з метро. Прадпрымальнікі спынілі рух на праспекце Незалежнасці. Яшчэ з раніцы я заўважыў раздражнёнасць міліцыянтаў. Зазвычай, яны досыць спакойныя і самаўпэўненыя, а гэтым ранкам занадта гучна перагыркваліся па рацыях. Доўга разглядаць перакрыты праспект не выпадала. Небяспека вісела ў вільготным паветры шарай гадзіны.

З праспекта я павярнуў на вуліцу Энгельса. Насустрач мне бегла дваццаць мужчын у чорнай форме. Падалося, што замест крыві ў маіх жылах бяжыць ледзяная крынічная вада. Я не замарудзіў, але і не прыспешыў хады. Ішоў спакойна, нібыта нічога надзвычайнага навокал не адбываецца. Людзі ў чорным прабеглі каля мяне. Яны ляцелі на праспект, яны накіроўваліся разганяць мітынгоўцаў. Жаданне азірнуцца было амаль неадольнае, але я азірнуцца не паспеў, бо проста на мяне паехаў аўтобус. Ён павярнуў з вуліцы на ходнік і спыніўся.

З адчыненых дзвярэй пасыпаліся людзі ў чорным. “Стаяць, б@ць, стаяць!!!” Прагучала за спінаю. Я не спыніўся і не пабег, ішоў наўпрост на міліцыянта. Ён глядзеў мне ў вочы, а я глядзеў у вочы яму. Я прайшоў паўз міліцыянта і зайшоў у арку. У двары стаялі засыпаныя снегам міліцыянскія аўтобусы. Яны стаялі тамака з самай раніцы. Я прайшоў каля іх і падняўся ў студыю...”.

Такім словамі беларускі пісьменьнік Адам Глобус выказаў на ЖЖ свае ўражаньні ад мітынгу прадпрымальнікаў. На дзіва, яго допіс аказаўся адным з тых нешматлікіх, зь якіх недасьведчанаму чытачу можна было вынесьці нешта пра падзеі таго дня. Блёгеры, зазвычай ахвочыя на язык (прабачце, пальцы), гэтым разам амаль нічога не абмяркоўвалі (15-30 камэнтараў замест звычайнай сотні). Большая частка постаў давалі спасылкі на анлайн-рэпартаж Нашае Нівы або на Андрэя Лянкевіча, дадаючы свае камэнтары.

Дзесьці а 19-й bymoladz вывешвае пост ад імя Таццяны Тышкевіч, моладзевай актывісткі, якая паведаміла па тэлефоне, што ў РУУС Цэнтральнага раёну зьбіваюць затрыманых за тое, што яны ня надта хутка, на думку міліцыянтаў, паказваюць свае асабістыя рэчы ды кажуць пашпартныя дадзеныя. Напэўна, гаворка вялася пра Арсенія Пахомава, Юрыя Каксюка, Міхаіла Пашкевіча ды Міхаіла Крывава, да якіх сёньня ў залю суда выклікалі хуткую дапамогу.

Перад тым з’яўляецца допіс shumski, які заклікае карыстальнікаў ЖЖ масава цікавіцца пра прычыны блякаваньня гэтага блёгасэрвісу і выкладае нумар, па якім трэба зьвяртацца.

Праз пэўны час адміністратары minsk_by вырашаюць, што колькасьць допісаў пра мітынг перавышае нормы, і настрашваюць выдаляць усе наступныя посты. Тым ня меней увечары таго ж дня z_hunter выкладае на суполцы зборны пост са спасылкамі на ўсе сеціўныя згадкі пра гэты мітынг, што стаўся для міліцыянтаў ды АМАПу вялікай нечаканасьцю (рэдактура kyba ды valery-brest-by).

Раніцай 11 студзеня ў ЖЖ з’яўляюцца файныя фотарэпартажы pustasloy ды chris-gomel (на бачыне Хельсынскага Камітэту).

Блёгер jajko трапна заўважыў:

“Зараз усе ведаюць, чаго лякаецца ўлада. Што лягічна – на вуліцу выйшлі не непаўнагадовыя змагары, на якіх дастаткова прытупнуць нагой, і тыя разьбягуцца па падваротнях (зь інтарнату выселяць! на йспыце заваляць! адлічаць!). Учора пратэставаць выйшлі тыя, каго празь месяц фактычна пазбавяць сродкаў да йснаваньня. Прадпрымальнікаў не кранулі, калі тыя йшлі ад Кастрычніцкай да Незалежнасьці. Нават калі яны перакрылі праспэкт, улада некаторы час перабывала ў разгубленасьці й нічога не прадпрымала. Ад страху заблякавалі ЖЧ, а некаторыя нават на tut.by патрапіць не маглі”.

І насамрэч. АМАП не наважваўся арыштоўваць прадпрымальнікаў так масава, як удзельнікаў палітычных акцыяў. Затрыманымі ды зьбітымі апынуліся моладзевыя актывісты. Няўжо зухвалістыя чорнакуртачнікі толькі супраць малых сьмелыя?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)