Общество
Eolonir

Блёгасфэра пра расейскую журналістыку ды «Сацыяльны марш»

У расейскае блёгасфэры запіс у блёгу стаў падставай для звальненьня з працы. Маладая карэспандэнтка “Камсамолкі”, папрацаваўшы першы дзень, выклала ў блёгу пра тое, як яе прымушаюць пісаць рэчы, што не адпавядаюць рэчаіснасьці. Допіс патрапіў на вочы вядомаму блёгеру (імя не падаю, бо нелітаратурнае), які паставіў у сябе на яго спасылку. Ранкам наступнага дня дзеўчына знайшла ў сваёй паштовае скрынцы копы адказаў на свой допіс, і, зразумела, што ў “КП” больш не працуе.

Пра гэта піша Generation.by. А вось увага Байнэта ў гэты час была прыцягнута да арганізацыі “Сацыяльнага маршу”, прынамсі, вось да гэтага допісу, у якім аўтар калярова апісвае працэс падрыхтоўкі да гэтага мерапрыемства.

Асабліва спадабалася фраза напрыканцы: "Если он хочет в Польшу ехать, то мы ему и так направление дадим, и нечего из себя тут "змагара" корчить..." Натуральна, гэта можа быць як праўдай, так і плёткай, але інфармацыя выпушчана і яе прачыталі. Мала хто будзе чытаць абвяржэньні ў кутку пятае ад пачатку старонкі, а на блёгах іх і ўвогуле ніхто не чытае. Тым больш што рэйтынг даверу да блёгасфэры значна большы, чым да газэтаў. А імідж у старое апазыцыі такі, што такім выказам людзі дадуць веры.

“Старая” апазыцыя паступова скацілася да ўзроўню, калі ў спрэчках пачынаюць выкарыстоўвацца ў якасьці аргумэнта словы: “Калі ты ў пялюшках быў, я ўжо біўся”. Час паказаў, што Мілінкевіч быў цалкам не гатовы да таго, што міліцыі ня будзе на “Эўрапэйскім маршу” (ня будзе каму даводзіць законапаслухмянасьць і пераход дарогі выключна на зялёнае сьвятло), і што “Малады Фронт” пачне імправізаваць з блякаваньнем ДАІшных машынаў. Ня тое мае значэньне, што ён назваў гэта правакацыяй (у рэшце рэшт, гэта ніхто не давёў), а тое, што ён тэарэтычна (пры пэўных абставінах) мог бы сказаць гэта. Я часьцяком думаю, што для пэўнае часткі старых апазыцыянэраў зыход Лукашэнкі ад улады быў бы катастрофай. Адзін і той жа сцэнар, які паўтараецца кожны год, дае ім магчымасьць існаваць як палітычнае сіле, хаця з меньшае вагой. А што могуць людзі, ня здольныя на імправізацыю, рабіць у рэальнае палітыцы?

Я ня веру, што няма іншага выйсьця: беларуская Інтэрнэт-супольнасьць ад 2006 году навыдумляла плойму ўсяго, пачынаючы ад хвалі флэш-мобаў і скончваючы арыгінальнымі метадамі каардынацый “бліскавічных” акцыяў. Вазьмі старая апазыцыя нешта адтуль — магло б атрымацца нешта цікавае. Але ў той момант, калі Аляксандар Мілінкевіч выдаў, што “прапрацоўвае пытаньне” стварэньня блёгу, адразу стала ўсё зразумела. Пане Мілінкевіч, блёг не прапрацоўваецца, ён ствараецца. Адным клікам. І для гэтага ня трэба ніякіх узгадненьняў ці грантаў.

Але няхай. Biespartyjny піша пра два артыкулы ў СБ ды “Звяздзе”, у якіх прагучалі нацыяналістычныя ноткі. Пры гэтым у мяне стварылася такое адчуваньне, быццам бы пачатак артыкула ў “Звяздзе” я недзе ўжо бачыў. Дэ-жа-вю: Лукашэнка таксама ўзгадаў Канстанціна Астрожскага, калі кошты на газ падвысіліся. Вырашыўшы, што гэта было занадта сьмелай “падставай”, гэтым разам ён пакіраваўся звычайнай стратэгіяй: “падставіць” карэспандэнтаў “улюбёнага” народам дзяржворгану. Праца ў іх такая.

А гісторыя зь Дзянісавым працягнулася інтэрвью для “Белгазеты”, якое ўзяла пякучая Натальля provalinskaya. Настойліва раю…

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)