Общество
Eolonir

Блёгасфэра пра прадпрымальнікаў, “расейскую шваль” і Пяткевіч

Напаткаў у Сеціве допіс watcher-interio “А слёзы капали”. Аўтар, вядомы сваім прафэсыйным і крытычным аналізам беларускае рэчаіснасьці даводзіць, што беларускія ўлады, насуперак сваім заявам (якія болей ужо нагадваюць малітвы аўганцаў на незразумелае ім арабзкае мове), зусім ня так добра кантралююць сытуацыю, як падавалася.

Аўтар пасьлядоўна згадвае, як перасоўваньні людзей цягам некалькіх гадзінаў па месцы не напаткалі арганізаванага супраціву міліцыі, блякаваньне Сеціўных рэсурсаў, якое насіла цалкам спантанны й безсэнсоўны характар (чаго вартае адно блякаваньне ЖЧ дзеля таго, каб вырубіць пару палітычных блёгаў, пасьля чаго ўсе неангажаваныя карыстальнікі даведаліся, што нешта навокал дзеецца), а таксама адмова ў дасязе да “Белорусского партизана”, які праз аб’ектыўныя чыньнікі ня мог у прынцыпе асьвятляць сытуацыю ў Менску. Наіўная заява па ТБ, што палова з удзельнікаў была навучэнцамі менскіх ПТВ… Нават калі так, ці чыталі журналісты, якія гэта выдумляюць, Маркса, і ці ведаюць, што 90 год таму сталася наступствам выйсьця на плошчу прадстаўнікоў, так бы мовіць, пралетарскіх колаў?

На выходных самымі абмяркоўваемымі тэмамі сталіся ўмовы ўтрыманьня палітзьняволеных у вязьніцах ды хуліганскі напад на маладзёнаў, якія сьпявалі песьні ў пераходзе. Блёгеры пісалі, што зараз тым, хто адбывае “суткі” на Акрэсьціна, нельга перадаць багата цёплых рэчаў: бяруць толькі адзіны швэдар, пару шкарпэтак ды адныя нагавіцы. І нічога болей, хаця “непалітычныя” сьведчаць: тэмпература ў цэлях не ўздымаецца вышэй за 12 градусаў. Адным з самых папулярных адказаў: “А Вы ня ведалі? Так ужо даўно”. Хаця знайшлося досыць і аматараў пакпіць з тых, хто “патрапіў” на мітынг.

А што датычыць тэмы пра хуліганскае зьбіцьцё гітарыстаў, то большасьць блёгераў прадэманстравала вартую добрае зайздрасьці салідарнасьць: маўляў, няма чаго маляваць з усіх расейцаў хуліганаў (у зыходным тэксьце гутарка вялася пра “расейскую шваль”). Усё ж такі мае рацыю той, хто кажа, што калі ў беларускае блёгасфэры спрачаюцца – то выключна па справе. Ды й брыдкаслоўя тут хаця трохі, але меней, чым у расейскае.

Цяпер пра спадарыню Пяткевіч. Пошук па блёгадопісах (пры дапамозе RSS-чытальніка Great News) за апошні тыдзень вывеў яе на першае месца паводле прыросту згадак. Гэта значыць, што карыстальнікі болей пачалі згадваць не Лукашэнку, а менавіта яе. Увогуле, калі ў замежных медыях або блёгах пішуць пра Беларусь, першым прозьвішчам да спатканьня ёсьць менавіта «Пяткевіч». Калі напалягаюць на неабходнасьць дэмакратызацыі – узгадваецца размова эўракамісараў з Пяткевіч на гэты конт. Усё ж такі Пяткевіч, нягледзячы на невыезны статус, па замежжах матлялася болей за Лукашэнку (апошнім разам гэта была канфэрэнцыя МАТ ў Швэйцарыі). І ўсё адно іранічна: Дарафееву рабілі-рабілі тварам краіны, а ўрэшце на гэтую годнасьць без асаблівых высілкаў прабіраецца нехта іншы. Вось і інвестуй пасьля гэтага ў рэкляму.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)