Общество
Eolonir

Блёгасфэра пра мітынг прадпрымальнікаў

Другі мітынг прадпрымальнікаў выклікаў размаітую рэакцыю блёгераў, аднак відавочна, што прынамсі незаўважаным ён не застаецца: па стане на 18.00 22-га студзеня справаздача блёгера zmagarka пра выракі арыштаваным патрапіла ў Yandex.TOP. То бок стала бачнай усім наведвальнікам гэтага расейскага пошукавага парталу.

Такую справаздачу zmagarka робіць ня першы раз: па мітынгу 10 студзеня блёгерка таксама выклала на сайт сьпісы затрыманых ды асуджаных. Тады гэты допіс ізноў прабіў сабе шлях на першае месца Yandex.TOP’у, пры гэтым меней чым за некалькі гадзінаў. Для таго, каб так адбылося, патрэбная альбо вялізарнейшая колькасьць камэнтараў за вельмі сьціслы прамежак часу, або навала спаслак на артыкул зь іншых рэсурсаў. З гэтага можна зрабіць выснову, што тэма была цікавая шмат каму.

Агульная справаздача, сабраная наведвальнікамі minsk_by, знаходзіцца вось тут (разам з усімі спасылкамі на фотарэпартажы, рэпартажы ў рэжыме рэальнага часу асноўных незалежных выданьняў, а таксама на адзнятыя на мітынгу відэаролікі). Частка спасылак месьціцца ў камэнтарах, іх дадавалі самі карыстальнікі, так што для поўнага разуменьня трэба прачытаць усе адказы да канца. Пост атрымаўся, на дзіва, інфармацыйным – бачна, што людзі самі ахвотна дадавалі свае спасылкі, і аўтарам не даводзілася самім вышукваць цікавыя рэсурсы.

Сярод відэаролікаў ёсьць вельмі цікавы матэрыял “Комсомольской правды” пра тое, як міністар Навумаў вядзе дыялёг (пры дапамозе чатырох ахоўнікаў у чорным, якія, напэўна, у яго замест аргументаў любога кшталту), а таксама зьнятыя з блізкае дыстанцыі матэрыялы разгону каля Чырвонага касьцёлу.

Партал Belarus-live.tv тым і цікавы, што гэта не той міжнародны рэсурс, на якім невядома, дзе шукаць матэрыялы, таму што няўцям, якім чынам яны былі пазначаныя, да якіх катэгорыяў патрапілі. Гэта не tube.by, на які немагчыма запампаваць відэа палітычнага зьместу, бо па пэўным кампрамісе і з’яўляючыся зарэгістраванымі ў беларускае зоне, яны публікуюць толькі забаўляльныя матэрыялы. Пры гэтым партал зроблены на расейскае мове й арыентаваны выключна на беларускую аўдыторыю, пра што сьведчыць яго назва. Вось таму на ім і з’явілася болей за дваццаць ролікаў апошніх падзеяў. Магло б быць і болей, каб не такі дарагі Інтэрнэт. Але тое, што кожнае “палітычнае” відэа прагледзела болей за 1500 чалавек у сярэднім ня можа ня ўсьцешыць: значыцца, нават нягледзячы на вельмі дарагі Інтэрнэт, попыт на незалежную інфармацыю ёсьць ды ён расьце. І людзі гатовыя заплаціць 500 рублёў за прагляд аднаго роліку. Яшчэ год таму гэта здавалася навуковай фантастыкай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)