Общество
Eolonir

Блёгасфэра пра малы футбол

Салігорскі шахцёр перамог кракаўскую Cracovia ў Кракаве зь лікам 2:1, піша блёгер toshirskij наўздагон постам пра чэмпіянат Эўропы, і зазначае, што вось гэтым варта было б ганарыцца.

Нягледзячы на заклікі да прамаваньня допісу, абмеркаваньне засяродзілася на тым, што беларусы заўзялі за зборную Расеі, нібыта перамагала іх нацыянальная каманда. Пасьля таго, як допіс трапіў у ТОП Яндэкса, дадалося й моўнае пытаньне. Зрэшты, апошняе паўстае кожны раз, як беларускі ТОП трапляе да сьпісу. Што спадабалася, дык гэта жарт інтарнаўтаў наконт “выдуманного языка”: раней закіды ў бок беларускае мовы ад расейскіх блёгераў даставалі пераважна агрэсыўныя адказы.

Арганізацыя “Грамадзянскі форум” трапна выйшла ў Сеціва: сярод першых допісаў публікуецца гісторыя актывіста арганізацыі, якога за адмову супрацоўнічаць з ворганамі ваенкамат накіраваў “на абсьледваньне” ў менскі псыхыятрычны дыспансэр. Таксама даецца спасылка на новую супольную стужку Юрыя Хашчавацкага ды Ўладзімера Арлова, прысьвечаную абвяшчэньню Беларускае Народнае Рэспублікі.

Новая суполка navinki_pics (што, мяркуючы па назьве, мае працягваць справу слынна вядомай газэты “Навінкі”) выклала першую сэрыю коміксаў. Пакуль што без камэнтароў.

Ці можна адляпіць некалькі візаў у напамін са строга пашпарту, можна даведацца вось тут. Як паказвае дыскусыя, пытаньні такога кшталту цікавяць інтэрнаўтаў у вялікае ступені, паколькі адназначнага адказу ад пашпартных службаў дастаць цяжка.

А вось мяркуючы па гэтае дыскусыі, да сьпісу самых бязглуздых назваў вуліцаў можа патрапіць лічы палова вуліцаў беларускае сталіцы: дасталося як і радзянскім назовам, так і наватворам накшталт праспэкту Пераможцаў ды скверу Сымона Балівара. Прыгадалі блёгеры й старыя пярліны накшталт “Другая Шостая лінія” або “Цьвёрды завулак”. Нагадаю, што гэта ўжо другі падобны “апытанчык” ад пачатку года, і вынікі яго ня надта розьняцца паводле эмацыйнага адценьню.