Общество
Eolonir

Блёгасфэра пра Кітай і выключэньне Міхалевіча

Блёгасфэра на пачатку лета -- нічога палітычнага: блёгеры пытаюцца, ці трэба дэкляраваць фотатэхніку падчас выезду за мяжу, удакладняюць найлепшыя й найтаньнейшыя маршруты вандровак у Кітай ды Чэхію ды сумуюць па тых часах, калі чэскія візы былі бясплатнымі.

Праўда, не засталіся без камэнтароў і палітычныя тэмы, у прыватнасьці выключэньне спадара Міхалевіча з партыі БНФ. Большасьць камэнтатараў намагалася ўзважана прааналізаваць становішча; нехта наракаў на тое, што старая апазыцыя пераўтвараецца ў падабенства ўлады, калі гаворка йдзе пра стаўленьне да апанэнтаў.

Вельмі добры артыкул на гэтую тэму належаць спадару plaschinsky: падсумоўваючы, што рэпрэсыўныя мэтады ўлады дэфармуюць палітычнае поле, аўтар робіць выснову, што яны й прымушаюць апазыцыю грызьціся міжсобку з выкарыстаньнем аналягічных мэтадаў.

Суполка minsk_by стракатая ад допісаў з запытамі пра працэдуры перасячэньня беларускае мяжы і мытнага афармленьня ды правілаў уезду на тэрыторыю краінаў шэнгенскай зоны. Пытаньне, ці можна заехаць на тэрыторыю Польшчы па візе, выдадзенай у летувіскім кансуляце ў Менску, так і застаюцца без адказу: каму як пашэньціць, адказваюць блёгеры, хаця пануе перакананьне, што заязджаць магчыма толькі праз краіну, якая выдала візу.

На новае пытаньне пра тое, як даехаць да Кітая, першы інтэрнаўт пажартаваў: Кітай неўзабаве да нас сам прыйдзе. Хаця калі ехаць туды, то ёсьць або самалёт зь Гельсінкі, або цягнік з Уладзівастоку.

Візавая суполка visa_by на гэтым тле перажывае калі ня бум, то, прынамсі, ажыўленьне. Але пытаньні беларусы задаюць тамака, дзе ёсьць вялікая аўдыторыя, то бок спачатку ў minsk_by, а потым “В контакте”, дзе на ўчора было зарэгістраваных 310 000 рахункаў з краінай паходжаньня Беларусь. Добрым тонам стаецца ствараць тэматычныя суполкі ў гэтае сацыяльнае сетцы й раскручвацца менавіта тамака.

Зараз “В контакте” можна знайсьці фактычна кожнага новага студэнта беларускіх ВНУ, з чаго актыўна паслюгуюцца выкладчыкі, абазнаныя ў сеткавых тэхналёгіях. Праўда, каб увайсьці ў стеку, трэба абавязкова тамака зарэгістравацца. Але ніхто не замінае дзеля гэтага рабіць фальшывы акаўнт, з паданьнем няслушных дадзеных.

“Жарсьці па Сэвастопальскім парку” – такі назоў мае допіс, прысьвечаны спатканьню жыхароў тае дзяльніцы з лідэрам руху “За свабоду” Аляксандрам Мілінкевічам. Абмяркоўвалася абарона Сэвастопальскага парку ад зьнішчэньня; камэнтатары выказаліся за тое, што спадар Мілінкевіч зрабіў слушна, што спаткаўся з мітынгоўцамі. Камэнтары аднаго з удзельнікаў дыскусыі пра тое, што ўдзел спадара Мілінкевіча толькі пагоршыць становішча, ня былі ўзятымі пад увагу.

І, нарэшце, хіт дня: самая дарагая (паводле словаў аўтара) машына ў сьвеце была заўважаная каля Траецкага прадмесьця. Плян Бэла?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)