Общество
Eolonir

Блёгасфэра пра графіці ў мэтро і палітычны гумар

Справа, пачатая мультклюбаўцамі, жыве й квітнее. А я ўжо думаў, што з палітычным гумарам у нас зусім блага.

Блёгасфэра прэзэнтуе Іракамарш ды загнаннага “в краску” міліцыянта (яны могуць чырванець? — не, там была сапраўдная фарба — масьляная).

А вось на днях асноўнымі “пастачальнікамі” сталіся супрацоўнікі аховы мэтрапалітэну. Уначы 9 лістапада некалькі менчукоў і адзін кіеўчук залезьлі празь вентыляцыйную шахту ў дэпо “Трактарны завод” ды размалявалі адзін з вагонаў цягніку ад верху да нізу ў графіці. Ну й далей спрацавалі законы жанру. Гэтага самага кіеўчука вылавілі. А калі б не злавілі, хто б нам паведаміў?

Рэакцыя дзяржаўнае прэсы: пасадзіць злачынцу. Рэакцыя блёгасфэры: “Калі гэты чувак пачне даваць інтэрвію ў Кіеве, ну дайце спасылачку, плізззззз! Гэта ж першы вагон мэтро ў Менску, размаляваны вясёлкавымі колерамі”.

Гатовы сюжэт для чарговага абвінавачваньня. Падвышаныя паказчыкі дзейнасьці міліцыі! Мы на крок бліжэй да выкананьня пляну! Ура, таварышы!

Маўляў, вандалы ўсе гэтыя апазыцыянэры, ня дбаюць пра дзяржаўны маёнтак, толькі б ім усё паламаць ды парушыць.

Эх. А выпадак выглядае вельмі характарыстычна. Ня тое добра, што размалявалі: у Эўропе графіці на цягніках таксама ня надта заахвочваюцца ворганамі правааховы. Але там людзі звыклыя да іншых рэчаў. Звыклі да таго, што ёсьць разнастанайныя групоўкі з размаітымі інтарэсамі, і некаторыя зь іх могуць выказваць свой супраціў існуючаму ладу праз тое, што ў нас называецца “вандалізм”. Злапаюць іх – прысудзяць штраф. Але трагедыю ў мярыле дзяржавы разгортваць ня будуць – саміх абрагочуць.

У Франкфурце, калі я лягу на лаву мэтро і прысну, паліцыя можа хаця тузін разоў прайсьціся побач ды ня зьверне ані малейшае ўвагі. А ў нас паспрабуй такое зрабіць… У лепшым выпадку проста згоняць. А пра сядзеньне на траўніках я і ўвогуле не кажу. Нельга! Дзяржаўны маёнтак!

Вось і пераўтвараецца жывое месца ў запаветнік.

Беларускія ворганы правааховы ўвогуле час ад часу нагадваюць мне хворых на лёккую форму аутызму. Яна ў некаторых выпадках характарызуецца паранайдальным імкненьнем да чысьціні ды простых вуглоў. Ссунеш дыванок ля дзьвярэй на паўградусы – справакуеш. Але вось толькі аутысты маюць свой асабісты сьвет, вельмі насычаны, толькі што нябачны іншым, а вось міліцыянты...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)