Общество
Eolonir

Блёгасфэра пра БЕЛСАТ, вершы ды скептыкаў

Запуск БЕЛСАТу ў Беларусі раней усе чакалі з прыдыханьнем. Пад яго пачыналася кампанія па зьбіваньні спадарожнікавых талерак, пад яго прамаўляў Лукашэнка, адзін час усе навіны ў “апазыцыйным” байнэце рабіліся менавіта пад гэты мегапраект.

Але час ішоў. Талеркі як віселі, так і вісяць (мабыць, паглядзелі, што ў Іране гэта ўжо спрабавалі зрабіць, але безвынікова, ды й народ па іх збольшага зусім не палітыку праглядае). Хатнія сеткі калі рэжуць – то толькі з уласнае ініцыятывы мясцовых ЖЭСаў, якія дзейнічаюць на сумнеўна легальным груньце. Зьмяніўся польскі ўрад (можа, нарэшце ў іх пачне па-эўрапэйску карэктна й эфэктыўна працаваць мытня?). А БЕЛСАТ так і застаўся там, дзе быў — у ідэях.

Зрэшты, гэта ня дзіўна: мяне бярэ сумнеў, а ці ведаюць стваральнікі тэлеканалу сапраўдную сытуацыю ў Беларусі? І закрадаецца паскудненькая “мысьля”: а ці будуць аматары 100 забаўляльных каналаў праглядаць нейкую палітыку ў благенькі на падзеі міжвыбарны перыяд?

Блёгер meramo піша, што Белсат – гэта самы рэальны грант , што калісьці выбіваўся зь ЭЗ, і што тыя, хто ГЭТА зьдзейсьніў, дасягнулі вяршыні ў майстэрстве зарабляць грошы на Беларусі. Такія гучныя грамадзкія заявы толькі сьведчаць пра тое, што ў арганізацыі паўсталі сур’ёзныя праблемы. Бо пасьпяховым праектам не патрэбная помпа, яны самі сабой грошы зарабляюць. Так ў свой час Аляксандар Мілінкевіч пацешыў увесь Інтэрнэт, што “разглядае пытаньне стварэньня свайго блёгу”. А Лявон Вольскі не рэклямаваўся, а ціхенька стварыў. Вынікі?

Ажывілася суполка by_vershy, на якае стала з’яўляцца значна больш перакладаў. Створаная супольнасьць knihi, прысьвечаная беларускім выданьням.

Дарэчы, зь сеціўнымі беларускімі бібліятэкамі ў нас ёсьць адна істотная праблема: з knihi.netняма адваротнае сувязі. Яго аўтары не адказваюць на пошту, ствараецца адчуваньне, што сайт закінуты. Усе параўнаньні менавіта на карысьць "Бібліятэкі Машкова", якая, на жаль, тэкстаў на беларускае мове ня месьціць. А шкада. У гэтым аспэкце нашым Інтэрнэт-бібліятэкам можна шмат чаму навучыцца ў сваіх расейскіх калегаў.

Некаторы час таму мы паспрачаліся, а куды дзяюцца старыя трамваі з нашых менскіх тораў? Няўжо ў нас навучыліся сьпісваць тэхніку па заканчэньні тэрміну эксплуатацыі? А сьпісваюць іх у Віцебск, як паказвае вось гэты допіс. Так што, спадарства, хутка ўсе рэгіянальныя цэнтры будуць езьдзіць на “ад’ездках” сталіцы. А яшчэ кажуць пра канцэпцыю роўнаснага разьвіцьця...

Бадай што самую ўзважаную акаштоўку паходу рокераў да Праляскоўскага (тэма дасюль абмяркоўваецца) выказаў Сымон Музыка. Маўляў, трэба будаваць культурніцкую апазыцыю, а ставіць мову ў апазыцыю – апошняя справа.

І на заканчэньне – працягваю лікбез наконт вялікага сябра нашае краіны Уга Чавеса ды яго залётаў наконт рэфэрэндуму (хаця ідэя бязьвізавага рэжыму мне ўсё адно падабаецца)…

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)