Общество
Eolonir

Блёгасфэра пра беларускі блёгінг, Ларысу Геніюш ды расейскіх гасьцей

Набліжэньне терміну скасаваньня льготаў не парушыла цішы ў Сеціве. Ствараецца ўражаньне, што блёгеры чакаюць таго, хто мог бы ўзяць ініцыятыву на сябе.

Працягваецца дыскусыя на тэму, што рабіць пасьля ЖЖ і ці варта пераходзіць на нейкую новую пляцоўку. Czyk прапанаваў сваё бачаньне разьвіцьця ЖЖ і прааналізаваў, ці насамрэч варта ад яго адмаўляцца. На маю думку, гэта самы ўзважаны аналіз недахопаў ды перавагаў ЖываЖору, напісаны без асаблівых эмоцыяў.

Nicolaev на суполцы “гасьцёў Беларусі” прапануе парады расейскаму госьцю, як сабе трымаць у Беларусі. Першая справа, падкрэсьлівае блёгер, не называць у Беларусі краіну “Белоруссией. Рэальна раз’юшвае ўсіх. У дадатак, ня трэба падкрэсьліваць, што Вы з Расеі, бо гэта справакуе падазрэньні: “Маўляў, а чаго ён гэта вылучае”. Цікавы для чытаньня матэрыл, узважаны й не напяты.

Ant1killer робіць некалькі замалёвак з тралейбуснага жыцьця “пасьля працы” (асьцярожна, ненарматыўная лексыка). Такі стыль размоў можна стала пачуць на менскіх выселках, ніхто гэтаму не зьдзіўляецца, але выказацца няма магчымасьці. Таму Інтэрнэт, як звычайна, трывае ўсе дыскусыі.

На сайце “Советской Белоруссии” з’явілася дыскусыя, трэба ці не рэабілітаваць Ларысу Геніюш. Апошняе месца, дзе гэта можна было чакаць, але тым ня меней, досыць актыўнае абмеркаваньне. Паколькі цікавасьць да дзяржаўных рэсурсаў традыцыйна невялікая (не праз тое, што яны дзяржаўныя, але праз адсутнасьць адэкватнага зьместу), такія размовы могуць стацца неблагім прыцягальнікам аўдыторыі да сайтаў ахвіцыйных газэтаў.

І напрыканцы проста пара цікавых спасылак:

Самагубзтва ў андэрграўндзе. Меркаваньні, чаму людзі кідаюцца пад цягнікі.

Выпускны ў сялянскае школе. Проста падборка фатаграфіяў.

А пра йльготы асабліва нічога й не было. Толькі згадка chris_gomel, што яна пачуваецца беларусам з показкі пра цьвік пасьля таго, як набыла сабе поўны дэкадны праязны на мэтро.

А яшчэ адна калега з Варшавы казала, што па вяртаньні да роднае Гародні яе зьдзівіў настрой людзей на яе радзіме: у паветры нібыта вітае нявымаўленая цяжкасьць. Прыгнечаны настрой зьдзівіў, хаця ніхто не абмяркоўваў палітыкі: размовы пра йльготы вяліся абстрагавана, нібыта пра натуральнае бедзтва, а не наступствы вельмі пэўнага ўказу акрэсьленага чалавеку (размовы наконт прыняцьця закона парлямантам можна адкінуць, ведаючы функцыі апошняга).

Нават на падставе гэтых двух выпадкаў можна прадказаць, што ніякага пратэсту ня будзе: людзі праглынуць скасаваньне льготаў, як і ўсё да таго. Іншая справа, што далейшае пагаршэньне эканамічнае сытуацыі спрычыніцца тэарэтычна да нейкага выбуху, але парог трываласьці нашых людзей вядомы. Застаецца спадзяецца, што ў моладзі ён паменей, чым у старога пакаленьня.

Напаткаў файную суполку photo_polygon, якая гэтым разам усьцешыла зборам найлепшых здымкаў 2007 году паводле вэрсыі Ройтэрс (абярэжна, сцэны ґвалту). Цешыць, што сярод шматлікіх камэнтараў замала набіўшых аскому +1 або -1. Або публіка патрапіла выкшталцоная,або выконваецца мая прагноза: з пашырэньнем уплыву сацыяльных сетак аўдыторыя ЖЖ будзе памяньшацца ды, адпаведна, або элітызавацца, або наадварот. Пакуль што тэндэнцыя выразна не акрэсьлілася. Будзем чакаць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)