Вольга Павук: «Лукашэнка зрабіў вельмі добрае сіта для тых, хто ўваходзіць у сістэму. Абсалютна невінаватых там няма»

Блогерка, якую завочна прыгаварылі да васьмі гадоў зняволення, — пра беларускіх чыноўнікаў і люстрацыю.

Вольга Павук

— Вельмі цікава бывае паразмаўляць з маленькімі, так скажам, чыноўнікамі з рэгіёнаў. Бывае, што яны сапраўды хочуць рабіць сваю працу добра. І ўсё ж гэта рэдкасць, — дзеліцца Вольга Павук на Радыё Свабода. — Найбольш якасныя і прыемныя размовы ў мяне адбываліся з прадстаўнікамі міністэрства замежных спраў.

Там сапраўды працуюць людзі з добрай адукацыяй, дыпламатычныя. Было некалькі размоў, якія зацягваліся на паўгадзіны.

І я размаўляла з людзьмі з крытычным мысленнем, якія могуць разважаць, у некаторых момантах мы нават знаходзілі агульныя кропкі, дзе нашы меркаванні сыходзіліся.

Але пасля такіх размоў больш ніколі менавіта тых людзей на прамых лініях не было. Не ведаю, што з імі сталася, спадзяюся, іх проста прыбралі з эфіру. Але такое было.

Блогерка прызнаецца, што ёй не трэба рабіць ніякіх правакацый, каб паказаць, што з сябе насамрэч уяўляюць чыноўнікі.

Беларускім чыноўнікам дастаткова толькі раскрыць рот, зрабіць сваю справу, за якую яны адказныя кожны дзень, і яны ўжо самі сябе ганьбяць.

— Я тэлефаную ім менавіта для таго, каб вырашыць праблему. Хацелася б, каб чыноўнікі на гэтых прамых лініях, што з'яўляецца легальнай формай сувязі з імі, рабілі сваю працу. Каб яны прымалі пытанні, давалі на іх адказы.

Хацелася б, каб людзі ў Беларусі жылі не самае занядбанае жыццё.

Але не можна сказаць, што чыноўнікі ўвогуле здольныя выконваць сваю працу. Яны не маюць адказнасці, не ведаюць пра праблемы на сваіх тэрыторыях, бо мы (блогеры) заўсёды ім нешта такое расказвалі, пра што яны ніколі не чулі, — расказала Вольга Павук.

Яна лічыць, што ў новай Беларусі не павінен працаваць ва ўладзе ніхто з тых, хто працуе на рэжым Лукашэнкі.

— Думаю, што больш мы іх палохалі да 2020 года, калі быў такі непасрэдны кантакт. Да таго ж да 2020 года беларуская дыктатура ўсё ж такі мела намер трымаць нейкі твар перад людзьмі і недзе саступаць, калі людзі звярталіся адкрыта.

Сёння такія метады ўжо не працуюць. Таму што і чыноўнікам, і ідэалагічным супрацоўнікам, і сілавікам далі карт-бланш на ўсё, што яны хочуць рабіць. І тыя разумеюць, што ніхто не будзе іх караць.

Таму інструментаў напалохаць іх зараз у нас няма. Адзінае, што мы можам зрабіць, — гэта паказаць іх, і, магчыма, некаторым будзе сорамна за тое, што яны робяць перад жыхарамі свайго раёна ці суседніх, перад сваякамі, дзецьмі.

Што з імі рабіць? З тымі, хто парушаў закон, працаваў супраць народа Беларусі, думаю, павінен разбірацца суд. А тых, хто, як яны кажуць, «проста выконвалі сваю працу», павінны ад гэтай працы адхіліць.

Лічу, што нікога з чыноўнікаў, якія працуюць у лукашэнкаўскай Беларусі, нельга дапускаць да ўлады ў будучыні. Таму што ў Беларусі ўжо амаль 30 гадоў няма дэмакратычнай улады.

Усе людзі, якія траплялі да ўлады нават да 2020 года, выбіраліся не па сваіх здольнасцях ці нейкіх прафесійных поспехах, а з таго, наколькі яны лаяльныя.

Пасля 2020 года гэты трэнд узмацніўся, і мы ведаем, што тыя людзі, якія былі не згодныя з гэтым тэрорам, сышлі з дзяржслужбы.

На сённяшні дзень Лукашэнка зрабіў вельмі добрае сіта для тых, хто ўваходзіць у сістэму. Так што абсалютна невінаватых там няма, — упэўнена блогерка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(16)