Общество

Блогера «Шэрага Ката» арыштавалі на 60 сутак

Паводле звестак праваабаронцы Паўла Левінава, відэаблогер Дзмітрый Казлоў, вядомы пад нікам «Шэры Кот», ужо тройчы асуджаны за кратамі.

Як паведамляе Радыё Рацыя, хлопец трапіў у аршанскі ізалятар часовага ўтрымання 26 снежня мінулага года. 9 студзеня яго чакалі пасля 15-суткавага арышту. Але на волю ён так і не выйшаў, бо якраз у той дзень суд Воршы і Аршанскага раёну пастанавіў пакараць яго наступным, другім запар 15-суткавым арыштам – за ўдзел у менскіх  акцыях супраць «паглыбленай інтэграцыі» 21 снежня.

На наступны дзень, 10 студзеня, яго зноўку судзілі, цяпер за ўдзел у менскіх пратэстах 20 снежня. Пастанова суду – трэці арышт на 15 сутак.

13 студзеня судовы канвеер працягваўся, і Дзмітрый Казлоў быў асуджаны на 15 сутак ужо чацвёрты раз – за заклікі ў сацыяльных сетках на сход у Менск 29 снежня.

Такім чынам, за кратамі «Шэры Кот» мусіць адбыць 60 сутак. Ці будуць  перапынкі паміж арыштамі?

Тлумачыць Павел Левінаў:

– У адпаведнасці з Працэсуальна-выканаўчым кодэксам аб  адміністрацыйных правапарушэннях, чалавека нельга ўтрымліваць  за кратамі больш як 25 сутак запар. Але 15 сутак у цябе сканчваюцца, ты па дакументах вызваляешся, і цябе нават могуць выпусціць за браму. А праз хвіліну затрымаць, і зноўку – у ІЧУ.

Сябры і аднадумцы збіраюцца сустракаць Дзмітрыя Казлова з аршанскага ІЧУ 24-га студзеня – пасля другога прысуджанага тэрміну. Але ці выйдзе Шэры Кот з-за кратаў, ці не, залежыць ад супрацоўнікаў міліцыі, якія могуць адправіць відэаблогера на чарговыя 15 сутак.

Павел Левінаў паведаміў, што яму  вядома пра яшчэ два адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя на Дзмітрыя Казлова – ад 2 студзеня і ад 5 студзеня. У іх відэаблогера вінавацяць за заклікі ў сацыяльных сетках на менскія акцыі 20 і 21 снежня. У судзе гэтыя справы пакуль не разбіралі.

Чакае Шэрага Ката і судовы разбор у Менску – за ўдзел у акцыі пратэсту 8 снежня мінулага года.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.2(20)