Общество
Аксана Рудовіч, Таццяна Гаўрыльчык, «Наша Ніва»

«Бландзінка з характарам» прамяняла Захад на Валожыншчыну — і не шкадуе (відэа)

Журналісты «НН» захапілі з сабой відэакамеру і наведалі сям’ю Яшчанкаў, каб на свае вочы пабачыць здзейсненую беларускую мару ў асобна ўзятай вёсцы.

Галіна Яшчанка – жанчына з характарам. Займець за мяжой адукацыю, прэстыжную працу і нават мужа – і вярнуцца ў вёску пад Валожынам. Што гэта – фантастыка ці наіўныя ілюзіі?

Журналісты «НН» захапілі з сабой відэакамеру і наведалі гэту сям’ю, каб на свае вочы пабачыць здзейсненую беларускую мару ў асобна ўзятай вёсцы.

Як выявілася, Галіна з мужам пабудавалі ў вёсцы Карнюткі сучасны дом з усімі выгодамі. Асабліва ўражваюць вялізныя, ледзь не на ўсю сцяну, вокны, за якімі распрастаўся шыкоўны краявід. Варта адзначыць таксама і ванны пакой, параўнальны па плошчы са сталічнай «аднапакаёўкай», і суперсучасную сістэму геатэрмальнага ацяплення. А яшчэ Галіна будуе свой бізнэс – стварае брэнд “Каралі”, пад якім ужо прадаецца мыла з натуральных інгрэдыентаў і ў беларускамоўным аздабленні. Самае ж галоўнае – у яе моцная сям’я, якая пачуваецца ў беларускай вёсцы вельмі ўтульна. Зрэшты, глядзіце відэа і мяркуйце самі:

Натуральна, не ўся размова з Галінай Яшчанкай здолела патрапіць у відэа. Гэтак, за кадрам засталася гісторыя пра тое, як яна прыйшла да беларускасці. Справа ў тым, што бацькі Галіны прыехалі ў нашую краіну, калі ёй было два гады. «У нас у сям’і не было ніводнай беларускай кніжкі», - кажа Галіна. «Мама руская, тата ўкраінец, я – беларуска».

«Штуршком» да беларускасці стаў «Народны ўніверсітэт», куды Галіна хадзіла ў старэйшых класах. Пасля школы яна актыўнічала ў «Задзіночанні беларускіх студэнтаў». А калі паехала на вучобу за мяжу, то і там працягвала шукаць «беларускасць», цікавіцца падзеямі ў краіне.

Галіна Яшчанка доўгі час жыла ў Польшчы, ЗША, Даніі. Галіне, прывабнай бландзінцы з моцным характарам, не бракавала мужчынскай ўвагі за мяжой. Але яна ведала, што яе муж абавязкова будзе беларускамоўным беларусам. Так тое і сталася. Некалькі год назад яны з мужам (таксама беларусам, з якім яна пазнаёмілася ў Польшчы) вырашылі вярнуцца ў Беларусь. Набылі вясковую хату ў Валожынскім раёне, нарадзілі сына і далі яму рэдкае імя Настась.

«Мы хочам, каб нашы дзеці былі беларусамі. А гэта значыць, яны павінны пражыць сваё дзяцінства тут. Кропка!» – кажа Галіна.

Гераіня нашага відэа лічыць, што многія яе мары ўжо здзейсніліся.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)