Общество
Eolonir

Благасфэра пра звальненьне настаўніцы з SOL

Галоўнай тэмай благасфэры пасьля Дня Волі стала звальненьне з цэнтру SOL настаўніцы ангельскае мовы Мар’яны Грузьдзіловіч. Прычынай апошняга, паводле мэдыяў, быў ейны расповед пра тое, што шэсьці 25-га сакавіка адведваюць не “адмарозкі”, як зазначыла адна з вучаніц, а інтэлігентныя людзі.

Ужо наступным днём (неверагодная нават для Беларусі хуткасьць!) сп. Грузьдзіловіч была звольненай нібыта на падставе калектыўнае скаргі, якую напісалі бацькі вучняў. Сытуацыя асабліва прыкрая тым, што падобнае адбылося ў цэнтры, які ажыцьцяўляе сваю дзейнасьць ад імя й на ліцэнзію брытыйскае арганізацыі SOL, што фінансуецца ўрадам Злучанага Каралеўства. Падобнае парушэньне статуту няўрадавай арганізацыяй у Брытаніі магло б выклікаць самыя жорсткія захады з боку непасрэднага фундатара.

Існаваньне тае калектыўнае скаргі выклікае моцны сумнёў, зазначае “Наша Ніва”: рэч у тым, што пра звальненьне сп. Грузьдзіловіч паведамілі ўжо на наступную раніцу пасьля занятку, на якім яна распавяла дзеткам пра маленькі кавалачак іхнае гісторыі. Якім чынам бацькі за адзін вечар здолелі арганізавацца – незразумела. Да таго ж, арыгінал гэтай паперы настаўніцы паказаны ня быў.

Справа атрымала значна большы розгалас у благасфэры й на камэнтарах незалежных мэдыяў, чым, мабыць, карцела б беларускаму цэнтру SOL. Блогеры мяркуюць, што самым эфэктыўным захадам стаў б удар па кішэні гэтае інстытуцыі, і таму заклікаюць усіх, хто навучае тамака дзетак, забіраць іх, пакідаючы запісы ў кнізе скаргаў, пісаць пісьмовыя звароты, на якія арганізацыя абавязаная паводле закону адгукнуцца: з гэтага правілу няма ніякіх выняткаў. У дадатак, лісты можна накіроўваць і ў брытыйскі цэнтар SOL (вось узор, напісаны блогерам czalex), ад імя якога беларуская арганізацыя ажыцьцяўляе сваю дзейнасьць, а таксама праінфармаваць брытыйскага амбасадара ў Беларусі, вядомага ў ЖЧ пад імём zubritanets.

На тэму таго, што СОЛ не вінаваты, а вінаватая сыстэма, ад якой кіраўніцтва звальненьнем сп. Грузьдзіловіч толькі бараніла сваю фірму, лепей за ўсё адказаў камэнтатар “Мінак” пад артыкулам пра салідарнасьць на НН: калі ў Беларусі нават у ахвіцыйных выдавецтвах выдаюцца кнігі пра Слуцкі Збройны Чын, дзе “героі гавораць, што яны – войска БНР ды бароняць БНР”, то выпадкі з падобнымі звальненьнямі не патлумачыць ніякай лёгікай. Ня кажучы ўжо свабодай сумленьня й годнасьцю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)