Общество
Eolonir

Благасфэра пра выбары і Суздальцава

Блогеры актыўна абмяркоўваюць парлямэнцкія выбары, якія маюць адбыцца праз пару тыдняў. Дыскусыі распальваюцца адсутнасьцю супольнай пазыцыі наконт байкоту выбараў дэмакратычнымі сіламі ды магчымых крокаў Эўропы насустрач рэжыму ў выпадку датрыманьня прынамсі вонкавай легітымнасьці. Такая чакальніцкая атмасфэра пануе паўсюль.

Пасьлядоўная частка апазыцыйна настроеных блогераў абураюцца пазыцыяй Мілінкевіча, што заклікаў скараціць колькасьць абавязковых умоваў ЭЗ, неабходных для зьбліжэньня, ад дванаццаці да трох. Сярод астатніх удзельнікаў by_politics пасьвяцца чуткі аб адлізе, якая быццам бы ўжо насьпела. На тле гэтага poczobut абмяркоўвае справу супраць газэты ‘Głos znad Niemna’, якую гарадзенскае КДБ абвінавачвае ў экстрэмізме, а toshirskij выкладае той самы экстрэмісцкі нумар з заклікам прааналізаваць выпуск ды знайсьці падобныя заклікі. Дзіўна, кажа poczobut, што ўся справа вакол нумару, які датуецца 2006 годам, распачалася менавіта зараз, на тле плянуемай лібералізацыі стасункаў з Захадам. А можа, і ня дзіўна.

17 верасьня трэба зрабіць дзяржаўным сьвятам – з такім заклікам выступіў беларускі Саюз Афіцэраў, КПБ ды нейкая арганізацыя пад назовам “Русь”. Камэнтатары да допісу poczobut, дарэчы, збольшага асьцярожна станоўча выказваліся што да даты. Аб’ядналіся ж, а што да ўсяго астатняга – то трэба абмяркоўваць.

На by_politics самую вялікую ўвагу выклікаў допіс пра эканамічнае становішча ў Грузіі. Аўтар напалягаў на тым, што, нягледзячы на фінансавую падтрымку ад краінаў Захаду, у Грузіі пануе беспрацоўе й крыза. Такое ўражаньне насамрэч ствараецца ва ўсіх, хто адведвае грузінскія правінцыі, але мне так падаецца, што параўноўваць зь Беларусьсю ня варта: ад 90-х Беларусь не перажыла грамадзянскае вайны, эканамічнае блякады й нізкі энэргетычных крызаў.

Вайсковую тэму працягвае абмеркаваньне katechisis, ці насамрэч беларускае войска зьяўляецца другім па баяздольнасьці ў Эўропе? Большасьць камэнтатараў пагаджаюцца з тым, што наўрад ці, хаця яно ў нас і ня самае благое.

Невялічкую завіруху таксама выклікаў артыкул Суздальцава пра тое, што расейцы, як другая этнічная меншыня, павінны атрымаць (у тым ліку) і права вета ў беларускім парлямэнце. Рэакцыя камэтатараў як пад перадрукоўкай lipski, так і zmagarka была адмоўнай: маўляў, навошта зьвяртаць увагу.

Па тэме беларускіх выбараў таксама ўвагу прыцягнула пытаньне да ўдзельнікаў minsk_by пра тое, як іх агітуюць “на месцах”. Адказы былі прадказальнымі: ніяк або невядома.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)